Сёньня Алена Захожая трымала галадоўку на працоўным месцы. Нягледзячы на пратэст лекараў, яна дамаглася, каб ёй далі вытворчае заданьне. Між тым, адчувае яна сябе кепска — на 13-я суткі галадоўкі ёй пачалі балець ныркі.
Адміністрацыя "Белшыны" па-ранейшаму ігнаруе ейнае патрабаваньне — ёй не даюць даведкі пра наяўнасьць у прафсаюзу юрыдычнага адрасу. Кіраўніцтва камбінату, паводле прафсаюзных зьвестак, учыніла гвалтоўны захоп памяшканьня офісу прафсаюзу. Праверыць гэта Алена Захожая даручыла аднаму зь сяброў прафсаюзнай суполкі "Белшыны":
(Захожая: ) "Сёньня пайшоў Міхаіл Усьціновіч у наш офіс, але ўвайсьці туды ня змог. Ахоўнік кажа, што нічога ня ведаю. Паспрабаваў ключом Усьціновіч адчыніць замок, але безвынікова. Ён прыйшоў і сказаў мне пра гэта. Што далей, пакуль ня ведаю".
Паводле іншых крыніцаў, захоп прафсаюзнага памяшканьня адбыўся яшчэ ў пятніцу, калі ля прахадной "Белшыны" адбывалася акцыя салідарнасьці. Намесьнік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін, які браў удзел у гэтай акцыі, паведаміў наступныя падрабязнасьці:
(Зімін: ) "Калі я прыйшоў на прахадную, дзе знаходзіўся офіс незалежнага прафсаюзу, мне ахоўнік сказаў, што тут ужо нічога няма. Замок зьменены, мы правялі перапіс усіх рэчаў, якія там былі, і таму вы сюды не патрапіце".
Сёньня ж Мікалай Зімін зь лідэрам "Рабочай самадапамогі" Сяргеем Антончыкам, які таксама 11 траўня ў Бабруйску браў удзел у акцыі салідарнасьці, наведалі ў Менску дзяржаўны канцэрн "Белнафтахім". "Белшына" падпарадкаваная гэтаму канцэрну, і спадары Зімін ды Антончык мелі спадзяваньне, што кіраўніцтва "Белнафтахіму" нейкім чынам паўплывае на пазыцыю падначаленых.
Яны сустрэліся з прэзыдэнтам канцэрну Іванам Бамбізам. Пра вынікі гэтай сустрэчы распавёў нашаму радыё Сяргей Антончык:
(Антончык: ) "Я быў у Бамбізы зь Зіміным. Ён быў ня рады нашаму прыходу. Ягоны адказ быў няпэўны — ні так, ні не. Ён не сказаў, што ня будзе займацца, але зазначыў, што гэта па-за ягонай кампэтэнцыяй і што ён ня можа прымусіць дырэктара. Сказаў, хай Захожая атрымае адрас для свайго офісу, напрыклад, такім чынам — паставіць палатку насупраць "Белшыны". Адным словам, гэта цынічна", — паведаміў Сяргей Антончык.