Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА Ў ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ ЗОНЕ


Казімер Яноўскі, Бабчын


Прыляцеўшы на гелікоптэры ў адселеную вёску Бабчын, дзе месьціцца цэнтральная база Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка, Лукашэнка зрабіў шмат заяваў адносна забруджаных раёнаў.

Найперш ён прызнаў, што ніводнай чарнобыльскай праблемы ня вырашылі. Найбольш важная з гэтых праблемаў — рэабілітацыя забруджанай тэрыторыі ўздоўж калючага дроту, каб гадоў праз 30 людзі змаглі вярнуцца сюды, жыць і працаваць.

Лукашэнка адзначыў, што яму як палітыку ня крыўдна, што Беларусі пераадольваць наступствы Чарнобылю ніхто не дапамагае:

(Лукашэнка: ) "Украіна атрымала ад Захаду 60 мільёнаў ці колькі (я ня помню — каб мяне не папракалі пасьля). Мізэр нейкі атрымала Ўкраіна, для чаго? Каб закрыць станцыю. І дзякуй, што яе закрылі. Бяда для Ўкраіны, але нам станцыя, якая працуе, была б большай бядой.

Чаму Захад даў гэтыя грошы? Каб станцыя гэтая не рванула і зноў на Захад гэтая зараза… Бо невядома куды панясе гэтую заразу! Цяпер калі дадуць, то каб схаваць гэты блёк, новы пабудаваць саркафаг. Для чаго? А каб ізноў ён менш пляваўся — бо туды ж на Эўропу нясе гэтую заразу".

Не пакінуў без увагі Аляксандар Лукашэнка і актыўнасьць апазыцыі ў правядзеньні Чарнобыльскага шляху. Праўда, ён хацеў, каб гэты шлях праходзіў менавіта ў зоне:

(Лукашэнка: ) "Вы заўважылі, што я прапанаваў месяц ці болей таму — апазыцыі, а не Дабравольскім ды іншым — правесьці тут Чарнобыльскі шлях. І папрасіў улады, каб яны пачысьцілі дарогу ад Масаноў во да гэтай кропкі. Ну гэта 30 кілямэтраў — адтуль, ад Прыпяці, ад мяжы з Украінай.

Я наперадзе, вы — за мной, як звычайна. А яны ўжо ўсьлед за намі. Прайшлі б гэтым шляхам урачыстым маршам. Не паедуць яны сюды, не паедуць. Яны ня ведаюць, чым тут людзі жывуць, дзе жывуць людзі — ім гэта ня трэба".

У той час, як Лукашэнка распавядаў пра нядобрую апазыцыю, Аляксандар Дабравольскі знаходзіўся амаль побач — у Паселіцкай школе-садку таго ж Хойніцкага раёну. Раздаваў дзецям розныя школьныя прылады. Адміністрацыя Лукашэнкі адмовіла Дабравольскаму ў паездцы, і ён дабіраўся зь сябрамі прыватным транспартам.
XS
SM
MD
LG