Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЯ МЕНШЧЫНЫ ПРАТЭСТАВАЛА Ў ДЗЕНЬ ПЯЦІГОДЗЬДЗЯ БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКАГА САЮЗУ


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Актывісты жодзінскай арганізацыі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ правялі пікет пратэсту супраць уваходу Беларусі ў склад Расеі. Недазволеная акцыя прайшла пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Тут жа лідэры арганізацыі Віктар Юркевіч ды Іраіда Місько зьбіралі подпісы пад зваротам да міжнароднай грамадзкасьці, каб тая не дапусьціла паглынаньня Беларусі Расеяй. Праз паўгадзіны да пікету далучыліся актывісты філіяў ТБМ ды Маладога Фронту, што разгарнулі свае сьцягі ды пачалі збор подпісаў за адкрыцьцё ў Менску Нацыянальнага ўнівэрсытэту.

Жодзінцы збольшага з разуменьнем ставіліся да пікетоўцаў, падпісвалі абодва дакумэнты. Але былі такія, што спрабавалі сапсаваць плякаты, іх спынялі міліцыянты, якія ахоўвалі пікет.

Тымчасам у Барысаве актывісты БСДП "Народная Грамада" Аляксандар Абрамовіч ды Алесь Яўсюк, апранутыя ў доктарскія халаты, ды сябры незарэгістраванага руху "Зубар" зьбіралі па горадзе ахвяраваньні ў адмысловыя скрынкі. Грамадоўцы зьбіралі на лячэньне хворым на інтэграцыю, а зуброўцы — на пэнсію галоўнаму інтэгратару краіны Аляксандру Лукашэнку.

Цікава, што на пэнсію кіраўніку дзяржавы сабралі 555 рублёў, а на лячэньне — удвая болей.

Да позьняга вечара ў Койданаве вялікая група сябраў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ хадзіла па горадзе з падпіснымі лістамі ды агітавала землякоў выказацца супраць уваходу Беларусі ў склад Расеі.

Як паведаміў лідэр філіі АГП у Слуцку Аляксандар Катляроў, сёньня ў горадзе невядомыя асобы раскідалі ўлёткі, што заклікаюць случчакоў больш рашуча адстойваць сувэрэнітэт Беларусі.
XS
SM
MD
LG