Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ ПАЧАЎСЯ СУД НАД АДНЫМ З СЯБРОЎ КХП БНФ


Браніслава Станкевіч, Віцебск


Кожны працоўны дзень цягам апошніх трох тыдняў на звычайным ужо месцы, каля Сіняга дому ў Віцебску, вядомыя апазыцыянэры Ўладзімер Плешчанка ды Барыс Хамайда ладзяць пікеты супраць паўторных выбараў у так званую палату прадстаўнікоў, якія маюць адбыцца 18 сакавіка.

Першыя выбары ў Віцебску праваліліся, таму падрыхтоўка да паўторных выбараў вельмі сур'ёзная. Каб ня страціць пэўную колькасьць галасоў і каб не нэрваваць віцяблянаў, улады амаль тры тыдні "не заўважалі", што ў цэнтры гораду стаяць пікетоўцы з плякатамі "Байкот паўторным выбарам" ды "Адзіны кандыдат на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі — Зянон Пазьняк".

Раней па іх празь некалькі хвілін пасьля пачатку пікету прыяжджала міліцэйская машына ды завозіла ў пастарунак, там складалі пратаколы, забіралі плякаты ды ўлёткі, а пасьля адпускалі — казалі, што судзіць іх няма часу. Наступнымі днямі яны зьбіраліся зноў.

Але сёньня сытуацыя зьмянілася, і судзьдзя Чыгуначнага раённага суду Сьвятлана Туфан знайшла-такі час, каб пачаць судовы працэс над затрыманым сёньня Ўладзімерам Плешчанкам. З-за адсутнасьці сьведкаў суд перанесьлі на заўтра.

Нечаканую актыўнасьць судовых органаў сам спадар Плешчанка тлумачыць тым, што днямі сябры партыі ды клюб выбаршчыкаў "Выбар", які ўзначальвае Барыс Хамайда, распачалі новую перадвыбарчую акцыю, якая дужа занепакоіла гарадзкія ўлады.

Кождны старшыня выбарчай камісіі ў Віцебску атрымаў асабіста ў рукі адмысловы ліст, дзе выказваецца спадзяваньне на ягоную сумленнасьць, асабліва пры падліку галасоў, калі ж гэтага ня будзе, пішуць, што зафіксуюць усе парушэньні падчас выбараў, каб давесьці іх да ведама міжнароднай грамадзкасьці.

XS
SM
MD
LG