Суд не знайшоў у дзеяньнях Цярэні складу злачынства і справу закрыў.
Цяпер намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету мае намер абскардзіць дзеяньні мытнікаў і дамагацца вяртаньня яму канфіскаваных дакумэнтаў.
Нагадаем, у пачатку лютага Генадзь Цярэня быў затрыманы мытнікамі пры перасячэньні беларуска-літоўскай мяжы – ён вяртаўся з сэмінару, прысьвечанага негвалтоўным формам барацьбы з дыктатарскімі рэжымамі, што праходзіў у Вільні. У Цярэні былі канфіскаваныя ўсе матэрыялы, якія ён атрымаў як удзельнік сэмінару. Пра гэтыя матэрыялы беларуская афіцыйная прапаганда потым заявіла, што гэта інструкцыі, як зрынаць уладу. Пра самога Цярэню было абвешчана, быццам бы сам ён парушаў грамадзкі парадак пры перасячэньні мяжы.
Гэтыя абвінавачаньні, аднак, не пацьвердзіліся. Сёньня адміністрацыйны судзьдзя Ашмянскага суду не знайшоў у дзеяньнях Цярэні складу правапарушэньня і справу закрыў.
Абаронця Цярэні Барыс Звозкаў, камэнтуючы дзеяньні судзьдзі, адзначыў, аднак, што чакаў ня толькі апраўданьня свайго падабароннага, але й вызначэньня на адрас мытнікаў, якія груба парушылі закон, калі затрымлівалі Цярэню на мяжы. Суд, аднак, на гэта не пайшоў, прадэманстраваўшы сваю непасьлядоўнасьць, – лічыць абаронца Звозкаў.