Сёньня перад пачаткам заняткаў у віцебскіх вышэйшых навучальных установах хлопцы-студэнты атрымлівалі сымбалічныя позвы, якія папярэджвалі пра небясьпеку беларуска-расейскай інтэграцыі. Гэтыя позвы былі падпісаныя адмысловым Міністэрствам абароны саюзу Расеі й Беларусі.
Усіх маладых грамадзянаў гэнага саюзу сёньня пазбаўлялі студэнцкай адтэрміноўкі ад вайсковай службы ды мабілізоўвалі ў Чачэнію, на таджыцкую мяжу, на Сахалін ды ў Ціхаакеанскі флёт.
На зваротным баку позваў было сьвяткаваньне ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі ды заклік: "Мужыкі! Хутка прэзыдэнцкія выбары. Абаронім бацькаўшчыну!"
Пэрспэктывам беларуска-расейскіх дачыненьняў быў прысьвечаны сёньня й пікет, які распачаўся а 12-й гадзіне каля помніка Ўладзімеру Караткевічу. Ладзіла пікет суполка Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Кастрычніцкага раёну. Пікет прайшоў пад лёзунгамі "Абаронім бацькаўшчыну ад расейскіх акупантаў!" ды "Расейскіх акупантаў — прэч!"
Несанкцыянаваны пікет таксама а 12-й гадзіне ладзілі сёньня на звычайным месцы каля Сіняга дому сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Плешчанка ды Барыс Хамайда. Іхныя лёзунгі заклікалі байкатаваць паўторныя выбары ў так званую Палату прадстаўнікоў 18 сакавіка.
Праз гадзіну спадароў Хамайду й Плешчанку забралі ў пастарунак. У Чыгуначным аддзеле ўнутраных справаў на іх склалі пратакол за несанкцыянаваны пікет, канфіскавалі улёткі беларускай "Салідарнасьці" ды некалькі асобнікаў газэты "Выбар".
Гэта другое затрыманьне Хамайды й Плешчанкі за два дні. Яны кажуць, што ў пастарунку ім паведамілі, што судзьдзя Сьвятлана Туфан сёньня пільна занятая — судзіць іх гэтым днём папросту няма каму.