Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ ЗАТРЫМАЛІ НЕПАЎНАГАДОВАГА ПАДЛЕТКА ЗА РАСПАЎСЮДЖВАНЬНЕ БЯСКРЫЎДНЫХ АБВЕСТАК


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Ігара Землякова затрымалі ў Віцебскім тэхналягічным унівэрсытэце. Хлопец раздаваў запрашэньні ў грамадзкую школу маладога лідэра, якую арганізаваў Цэнтар моладзевых ініцыятываў "Контур".

Невядомы супрацоўнік унівэрсытэту, які назваўся намесьнікам дэкана, выклікаў міліцыю, заявіўшы, што хлопец распаўсюджвае апазыцыйныя ўлёткі.

Гэтак вучань 37-й віцебскай школы Ігар Землякоў апынуўся спачатку ў Кастрычніцкім раённым аддзяленьні міліцыі, а потым у інспэкцыі па справах непаўнагадовых. Неўзабаве разам з бацькам па яго прыехалі кіраўнік Цэнтру "Контур" Юры Корбан ды сябар Беларускага Гельсынскага камітэту Васіль Ігнаценка.

Паводле заканадаўства 15-гадовага хлопца яшчэ нельга прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці, таму пратакол па факце распаўсюду апазыцыйных улётак міліцыянты склалі на ягонага бацьку Міхаіла Землякова.

Міхаіл Землякоў падпісаць гэткі пратакол катэгарычна адмовіўся — ён ня лічыць рэкляму школы лідэрства апазыцыйнай прапагандай. Ён думае падаць скаргу на супрацьзаконныя дзеяньні міліцыянтаў у пракуратуру.

Кіраўнік "Контуру" Ю.Корбан таксама думае абскарджваць дзеяньні міліцыі ўжо непасрэдна ў судовай позьве. "Контур" —зарэгістраваная грамадзкая арганізацыі ды ягоны статут прадугледжвае тыя формы дзеяйнасьці, якім думае перашкодзіць віцебская міліцыя.

Юрась Корбан адзначае таксама, што амаль усе сябры Цэнтру цягам апошніх двух тыдняў адчуваюць падвышаную ўвагу да сябе з боку віцебскіх праваахоўчых органаў.
XS
SM
MD
LG