Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРЫШТАВАНЫ НАМЕСЬНІК ДЫРЭКТАРА МАЗЫРСКАГА НПЗ ЛЕАНІД АЛЬХІМОВІЧ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць


Апоўначы Леаніда Альхімовіча прывезьлі ў сьледчы ізалятар Гомеля, куды пры канцы мінулага году дастаўлялі й намесьніка генэральнага дырэктара сьветлагорскага аб'яднаньня “Хімвалакно” Валер'я Надзеждзіна. Як і ў Надзеждзіна, у Альхімовіча выявілі за мяжою банкаўскія рахункі — на 1 мільён 850 тысячаў франкаў.

Фінансавая міліцыя абвінавачвае мазырскага кіраўніка ў ілжэпрадпрымальніцтве, легалізацыі матэрыяльных каштоўнасьцяў, здабытых злачынным шляхам, і ва няўплаце падаткаў. Супраць Альхімовіча сёньня распачалі крымінальную справу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу.

На мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе пры фінансавай падтрымцы расейска-беларускай кампаніі “Слаўнафта” вядзецца вялікая рэканструкцыя. Свае грошы ўкладаюць і асобныя беларускія прадпрыемствы канцэрну “Белнафтахім”.

Зараз ідзе чацьверты этап рэканструкцыі — будуецца комплекс каталітычнага крэкінгу. Нафтаперапрацоўчы завод купляе шмат абсталяваньня ў Расеі і ў далёкім замежжы.

Да гэтага маюць дачыненьне й мазырскія кіраўнікі. Вядома, што арыштаваны Л.Альхімовіч празь няісную фірму праводзіў асобныя апэрацыі. У дакумэнтах фігуруе нават такая фінансавая структура як “Bank of New York” — празь яго "адмываў" грошы расейскі ценевы бізнэс.

Беларуская эканоміка, якая ня мае цяпер нармальных ды законных умоваў разьвіцьця, ад інтэграцыі з Расеяй пераймае крымінальныя рысы. Пра гэта сьведчыць ня толькі справа Леаніда Альхімовіча, але й згаданага раней Валер'я Надзеждзіна са сьветлагорскага “Хімвалакна”, і адпушчанага ў Расею пасьля году ў сьледчым ізалятары былога дырэктара Беларускага мэталюргічнага заводу Юр'я Феакцістава ды шмат каго з кіраўнікоў-прамыслоўцаў.


XS
SM
MD
LG