Акцыя аб’яднала прадстаўнікоў усіх апазыцыйных перадвыбарчых кааліцыяў – “5+“, “Свабоднай” і “Маладой Беларусі”.
Акцыя ў дзень 5-й гадавіны зьнікненьня Юрыя Захаранкі, якую арганізавалі зь ініцыятывы сваякоў зьніклых, стала першай пасьля дакладу Хрыстаса Пургурыдэса на страсбурскай сэсіі ПАРЭ аб зьніклых у Беларусі ды ўхваленьня адпаведных рэкамэндацыяў наконт незалежнага расьсьледаваньня гэтых справаў і правядзеньня замежных судовых працэсаў над падазраванымі ў датычнасьці да зьнікненьня.
Жонка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага Ірына, якая разам з жонкай зьніклага журналіста Зьмітра Завадзкай езьдзіла на сэсію ПАРЭ ў Страсбур, а цяпер разам зь ёю стаяла ў ланцугу на Кастрычніцкай плошчы, сказала Радыё Свабода:
(Красоўская: ) “Я веру ў тое, што пэўны плён будзе – гэта першая рэакцыя з боку Захаду, такая дзейная акцыя, таму што ўсе папярэднія былі такія гучныя, але ў іх не было таго дзеяньня, якое ёсьць у дакладзе і рэзалюцыях, што былі прынятыя ў Страсбуры. Там ёсьць нейкія пэўныя крокі да вырашэньня гэтай праблемы. Я думаю, што гэта крокі вельмі-вельмі ўплывовыя на сытуацыю ў Беларусі.
Я гляджу, што і сёньняшняя акцыя стала больш масавая, і міліцыянты сябе сёньня неяк больш паважна паводзяць. Па ўсім адчуваецца, што нейкія зьмены павінны вось-вось адбыцца”.
Побач зь Ірынай Красоўскай у ланцугу стаяла Сьвятлана Завадзкая, якая цалкам падзяляе гэтыя спадзяваньні.
(Завадзкая: ) “Эўрапейская супольнасьць ды ўвогуле міжнародная супольнасьць стала ставіцца да праблемы зьніклых людзей значна больш сур’ёзна. Мы спадзяемся, што гэтая праблема ўсё ж такі выйдзе на больш высокі ўзровень і што дзякуючы гэтаму дакладу мы зможам распачаць юрыдычныя працэсы супраць асобаў, якія бралі ўдзел у гэтых злачынствах”.
(Карэспандэнт: ) “Як хутка такія працэсы могуць распачацца?”
(Завадзкая: ) “Мы робім усё, каб гэта пачалося літаральна сёлета”.
Акцыя “Мы памятаем” аб’яднала ўсе апазыцыйныя кааліцыі – і Народную “5+“, і Эўрапейскую “Свабодная Беларусь”, і “Маладую Беларусь”. Хаця спачатку да яе нібыта спрабавалі далучыцца прадстаўнікі “РНЕ”, якія мелі на рукавах свастыку, арганізатары хутка выявілі правакацыю ды зьвярнулі ўвагу міліцыі на гэтых юнакоў, якіх затрымалі.
Бадай, упершыню менская міліцыя дзейнічала пад кіраўніцтвам апазыцыі – апошняя тлумачыць гэта тым, што свастыку напярэдадні Дня перамогі цяжка было не заўважыць.
Пад канец акцыі іншыя міліцыянты спрабавалі затрымаць лідэра АГП Анатоля Лябедзьку, каб высунуць яму прэтэнзіі яшчэ за “Чарнобыльскі шлях”, аднак ён схаваўся ад іх у машыне ды зьехаў, нягледзячы на спробы спыніць і затрымаць гэтую машыну – удзельнікі ланцугу не дазволілі гэта зрабіць.
З партрэтамі зьніклых стаялі таксама Вінцук Вячорка і Павал Севярынец, Мікола Статкевіч і Аляксандар Ярашук, Валянціна Палевікова і Людміла Гразнова, Міхаіл Чыгір і Станіслаў Багданкевіч, ды іншыя вядомыя асобы.
Старшыня “Народнай грамады” Мікола Статкевіч сказаў Радыё Свабода:
(Статкевіч: ) “Рэальна так атрымалася, што гэта сапраўды за апошнія часы адзіная сумесная акцыя. Гэта важна, каб грамадзтва памятала, каб сьвет памятаў, каб гэта не паўтаралася. І ўпэўнены, што раней ці пазьней усё невядомае зараз для нас стане вядомым для ўсіх. Тым больш што ўжо няма ані ценю сумневу ў тым, што ўлада мае дачыненьне да гэтага”.
А лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка гэтак патлумачыў прысутнасьць усіх апазыцыйных сілаў:
(Вячорка: ) “Усіх адказных людзей у нашай краіне – палітычна заангажаваных, незаангажаваных, актывістаў грамадзкіх арганізацыяў, прафсаюзных дзеячоў, інтэлектуалаў – аб’ядноўваюць некалькі падставовых каштоўнасьцяў: гэта жаданьне бачыць сваю краіну свабоднай, гэта нежаданьне мірыцца з тым, што ў нас могуць зьнікаць людзі толькі за свае погляды, гэта жаданьне бачыць нашу краіну незалежнай”.