Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІКВІДАВАНЫЯ ГРАМАДЗКІЯ АРГАНІЗАЦЫІ НЯ ЗМОГУЦЬ ВЫЛУЧЫЦЬ СВАІХ СЯБРОЎ У ВЫБАРЧЫЯ КАМІСІІ І Ў НАЗІРАЛЬНІКІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Цягам апошняга году ў Беларусі суды ліквідавалі больш за 50 грамадзкіх арганізацыяў. Актывісты многіх зь іх зьбіраліся ўзяць актыўны ўдзел у сёлетняй выбарчай кампаніі ў якасьці сяброў камісіяў і назіральнікаў. Пра тое, як ліквідацыя арганізацыяў паўплывае на хаду выбарчай кампаніі, гаворыць старшыня ліквідаванага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, які падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ўзначальваў грамадзкую ініцыятыву “Незалежнае назіраньне”:

(Бяляцкі: ) “Гэта рэзка абмяжуе магчымасьці грамадзянскай супольнасьці ня тое што кантраляваць, але ўвогуле мець уяўленьне пра тое, як праходзяць гэтыя выбары. Бо грамадзкія арганізацыі ня будуць мець магчымасьці вылучаць сваіх назіральнікаў. Тое ж тычыцца і зваротаў у афіцыйныя органы ўлады, якія тычацца выбараў. Гэта і ў Цэнтральную выбарчую камісію, гэта і ў пракуратуру, гэта і ў выканаўчыя органы ўлады па тых ці іншых пытаньнях арганізацыі выбарчага працэсу. Такім чынам, распачаўшы працэс ліквідацыі няўрадавых арганізацыяў у мінулым годзе, улады пачалі рыхтавацца да парлямэнцкіх выбараў і верагоднага рэфэрэндуму. Выціскаючы фактычна актыўных грамадзянаў зь легальнага поля, не даючы ім магчымасьці хоць нейкім чынам уплываць на празрыстасьць і дэмакратычнасьць будучых выбараў і верагоднага рэфэрэндуму”.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Мечыслаў Грыб таксама арганізоўваў назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 году. Вось што ён думае пра цяперашнюю ліквідацыю грамадзкіх арганізацыяў:

(Грыб: ) “У 2003 годзе, падчас выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў Цэнтральная выбарчая камісія прыняла пастанову, у якой адзначана, што назіраць за выбарамі ад грамадзкіх арганізацыяў могуць толькі сябры гэтых арганізацыяў. Гэта прамая перашкода. Мы лічым, што гэтая пастанова не адпавядае літары і духу Выбарчага кодэксу. Але нашых скаргаў ніхто не прымае, так што адбылося тое, што адбылося”.

(Карэспандэнт: ) “Дзеля чаго ўлады ліквідуюць недзяржаўныя арганізацыі?”

(Грыб: ) “Каб стварыць нейкія перашкоды ў справе назіраньня за выбарамі, каб гэтых назіральнікаў было як мага менш”.

Сябра рады Фонду імя Льва Сапегі Міраслаў Кобаса, які таксама ня раз арганізоўваў кампаніі назіраньня за выбарамі, лічыць, што на сёлетніх выбарах нават у зарэгістраваных арганізацыяў будзе менш магчымасьцяў для назіраньня:

(Кобаса: ) “Гэта азначае, што арганізацыі ня будуць мець магчымасьці вылучыць сваіх назіральнікаў, а таксама сваіх сяброў камісіяў. У гэтым сэнсе гэта абмяжоўвае незалежнае прадстаўніцтва. А таксама запалохваюць іншыя арганізацыі. Неліквідаваныя арганізацыі павінны будуць улічваць тое, на якую рызыку яны ідуць. Калі будуць удзельнічаць у гэтым працэсе, то зразумела, што гэта выкліча пэўную рэакцыю ўладаў. Могуць прыйсьці, пачаць праверкі з падатковай інспэкцыі, зь Мінюсту і г.д. І гэта будзе ўплываць. Арганізацыі, калі прымаюць такія рашэньні, павінны ведаць, якія наступствы могуць быць”.

Алесь Бяляцкі і Мечыслаў Грыб лічаць, што ў актывістаў ліквідаваных грамадзкіх арганізацыяў цяпер застаецца магчымасьць вылучыцца ў назіральнікі ці ў сябры выбарчых камісіяў шляхам збору подпісаў грамадзянаў. Міраслаў Кобаса ж мяркуе, што вылучаць людзей у гэтыя структуры павінны найперш палітычныя партыі.
XS
SM
MD
LG