Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АМОНАЎЦЫ РВАЛІ НА КАВАЛКІ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫЯ СЬЦЯГІ, А Ў БАРЫСАВЕ ЗЬБІВАЛІ ДЗЯЦЕЙ


Любоў Лунёва, Менск

Менгарвыканкам дазволіў правядзеньне мітынгу ў сквэры Янкі Купалы. Там гарадзкія ўлады заплянавалі яшчэ канцэрт і гандаль шашлыкамі. Але заплянаваны ўладамі сцэнар быў парушаны.

Прадстаўнікі партыяў, якія ўваходзяць у “Пяцёрку+”, сабраліся на плошчы Перамогі і ў суправаджэньні міліцыянтаў прайшлі калёнай у сквэр Янкі Купалы.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка быў у той частцы калёны, дзе несьлі сьцягі Эўразьвязу.

(Вячорка: ) “Для ўсёй партыі БНФ сёньняшні дзень адметны і эпахальны, перш за ўсё тым, што бальшыня нашых суседзяў становіцца сябрамі аб’яднанай Эўропы. Гэта абсалютна новая геапалітычная рэальнасьць. Гэта канец ялцінскага падзелу адзінай эўрапейскай цывілізацыі. Тое, што мы цяпер па-за гэтым працэсам балюча і сумна. Разам з тым мы сьвяткуем, таму што радыя за нашых суседзяў і сяброў”.

Лідэр камуністаў Сяргей Калякін крочыў наперадзе калёны пад чырвонымі сьцягамі. Ён патлумачыў Радыё Свабода, што шэсьце неабходнае дзеля таго, каб зьвярнуць увагу грамадзкасьці да парушэньня правоў працоўных.

(Калякін: ) “Мы сёньня ідзем з сацыяльнымі і эканамічнымі лёзунгамі ў абарону правоў працоўных, якія сур’ёзна парушаюцца ў Беларусі. Дэкляруюць права на працу, але гэтае права абмяжоўваецца незаконнымі прымусовымі кантрактамі. Маленькія заробкі, пэнсіі, стыпэндыі…”

Намесьнік лідэра АГП Аляксандр Дабравольскі дадаў.

(Дабравольскі: ) “Каб зьмяніць гэтае жыцьцё да лепшага, трэба аб’яднацца. Вось мы зараз ідзем у калёне АГП, камуністы, БНФ, Партыя працы, сацыял-дэмакраты – гэта сымбаль нашай еднасьці, каб зьмяніць нашае жыцьцё. Трэба зрабіць, каб наша Беларусь, як цяпер 1 траўня Эўропа, сьвяткавала пераход да лепшага жыцьця”.

Прадстаўнікі “Народнай Грамады” у шэсьці ня ўдзельнічалі. Яны прыйшлі ў сквэр. Мікола Статкевіч выступаў перад прысутнымі:

(Статкевіч: ) “Чатыры сэнсы гэтага сьвята – міжнародны дзень салідарнасьці, цяпер Дзень працы, стагодзьдзе беларускіх прафсаюзаў і, што вельмі важна – дзень, калі Эўразьвяз наблізіўся да нашых межаў”.

У сквэры амонаўцы ў цывільным пачалі выхопліваць у юнакоў бел-чырвона-белыя сьцягі. Яну Лагвіновічу і Паўлу Батувіну скруцілі рукі, потым вырвалі сьцягі і парвалі іх на кавалкі.

Трафэі амонаўцаў – 5 бел-чырвона-белых сьцягоў, тры сьцягі Эўразьвязу і дзьве расьцяжкі.

Першую: “Беларусь у Эўропу!” – вырвалі ў сяброў руху “Зубр”, а другую з надпісам: “Малады Фронт” – вырвалі з рук маладафронтаўцаў.

Міліцыянты схапілі актывіста Маладога Фронту Зьмітра Дашкевіча. У Савецкім РУУСе на Зьмітра склалі пратакол за ўдзел у “Чарнобыльскім шэсьці” 26 красавіка. Да панядзелка хлопца будуць трымаць у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна.

У Цэнтральным аддзеле міліцыі трымалі актывіста “Народнай Грамады” Павала Гормаша, сябра руху “Зубр” Юлію Гарачку і сябра Партыі Свабоды Васіля Парфянкова. Першага – за раздачу газэтаў, іншых за тое, што трымалі расьцяжкі і сьцягі.

***

Больш жорстка паводзілі сябе міліцыянты ў Барысаве. Зьбітыя некалькі дзесяткаў чалавек, у тым ліку маленькі хлопчык, якога бацькі ўзялі з сабой на дэманстрацыю.

Удзельнікі шэсьця распавялі , што каля 250 прадпрымальнікаў далучыліся да першамайскай калёны дэманстрантаў. Яны несьлі плякаты: “Ліцэнзія – пастка для прадпрымальнікаў”, “Кантракт – пятля на шыі працоўных” і выказваньне Фэнімора Купэра: “Страх робіць разумных дурнямі”. Людзі несьлі чорныя балёнікі, на якіх былі намаляваныя сумныя твары. Амонаўцы кінуліся ў калёну і пачалі зьбіваць дубінкамі тых, у каго былі транспаранты.

(Уладзімер: ) “Людзі ішлі зь дзецьмі. Іх білі дубінкамі, нават малых… Аднаго маленькага хлопчыка нават ударылі па галаве. Мужчына за сваё дзіця біўся зь міліцыяй. Я таксама са сваім маленькім дзесяцігадовым сынам прарываўся праз калёну. Нас перасьледавалі да самай плошчы”.

Прадпрымальнікі прарвалі ланцуг амонаўцаў і выйшлі на стадыён.

(Уладзімер: ) “Мы на плошчы крычалі: “Свабоду!!!” Усе нам пляскалі ў далоні і крычалі: “Маладчыны!” А яны ўсе апусьцілі галовы. Магчыма, сёньня пачнецца “хапун”.

У панядзелак у Савецкім судзе будуць судзіць затрыманага актывіста БНФ Зьмітра Дашкевіча і лідэра АГП Анатоля Лябедзьку за ўдзел у “Чарнобыльскім шляху”. Анатоль Лябедзька сам прыйдзе ў суд. Астатніх затрыманых за ўдзел у першамайскай дэманстрацыі адпусьцілі без складаньня пратаколаў.
XS
SM
MD
LG