Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬЛІКВІДАВАЛІ ЯШЧЭ ДЗЬВЕ НЕЗАЛЕЖНЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

22 красавіка Вярхоўны суд Беларусі зьліквідаваў адразу дзьве незалежныя арганізацыі — Беларускі цэнтар канстытуцыяналізму і параўнальна-прававых дасьледаваньняў і Міжнародны інстытут палітычных дасьледаваньняў. Абедзьве арганізацыі — дасьледчыя, але ў галінах, вельмі блізкіх да рэальнай палітыкі. Першая вядомая сваім супрацоўніцтвам з Радай Эўропы ў галіне правоў чалавека. За сем гадоў сваёй дзейнасьці Беларускі цэнтар канстытуцыяналізму і параўнальна-прававых дасьледаваньняў правёў некалькі канфэрэнцыяў у гэтых праблемах, надрукаваў 30 кніг. Сярод іх такія вядомыя працы як “Адмена сьмяротнай кары ў Рэспубліцы Беларусь” і “Палітычныя партыі ў Рэспубліцы Беларусь”. Цэнтар таксама спрыяў таму, каб эўрапейскія стандарты ў галіне правоў чалавека шырэй ужываліся ў беларускіх законах.

Навукоўцы зь Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў вывучалі праблемы бясьпекі, міжнародных адносінаў, асаблівасьці палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Камэнтары экспэртаў інстытуту часта гучалі ў беларускіх незалежных мэдыях і за мяжой.

Абедзьве арганізацыі зьліквідаваныя паводле ініцыятывы Міністэрства юстыцыі. У адным выпадку кантралёры зь Мінюсту знайшлі хібы ў рэгістрацыйных дакумэнтах, у другім высьветлілі, што насуперак закону юрыдычны адрас знаходзіцца на прыватнай кватэры. Вярхоўны суд пагадзіўся зь Мінюстам і палічыў, што за такія парушэньні арганізацыі варта закрыць.

Зь вясны 2003 году закрыта больш за 50 грамадзкіх аб’яднаньняў і незалежных арганізацыяў. Некаторыя зь іх працавалі ў галіне правоў чалавека — прыкладам, Цэнтар прававой дапамогі насельніцтву альбо праваабарончы цэнтар “Вясна”. Некаторыя ліквідаваныя арганізацыі былі своеасаблівымі рэсурснымі цэнтрамі для іншых недзяржаўных фармаваньняў у рэгіёнах. У Горадні гэткім цэнтрам была арганізацыя “Ратуша”, у Гомелі — “Грамадзянскія ініцыятывы”, у Віцебску — “Контур”.

Трэцюю групу закрытых арганізацыяў складаюць недзяржаўныя дасьледчыя ўстановы. Прыкладам, напачатку году было ліквідаванае Незалежнае таварыства прававых дасьледаваньняў. Супрацоўнік закрытага сёньня Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў не выключае, што ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў зьвязаная з падрыхтоўкай уладаў Беларусі да палітычных кампаніяў:

(Фёдараў: ) “Па-першае, гэта, вядома, парлямэнцкія выбары, а па-другое, магчымы рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю што да трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну. Улады не хацелі бы, каб нейкія незалежныя арганізацыі гэта адсочвалі. Бо гэта можа паўплываць на вынікі й даць людзям непажаданыя для ўлады зьвесткі”.

У красавіку Камісія правоў чалавека ААН прыняла адмысловую рэзалюцыю з асуджэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У тым ліку быў асуджаны ціск дзяржавы на незалежныя аб’яднаньні і арганізацыі. Афіцыйныя ўлады на гэта адказалі, што “прыведзеныя факты састарэлі ці не адпавядаюць рэчаіснасьці”.
XS
SM
MD
LG