Цягам сёньняшняга дня тлумачэньні камісіі МАП давалі кіраўнікі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, лідэры галіновых аддзяленьняў і актывісты гэтай арганізацыі. Больш дакладнай інфармацыі ў Фэдэрацыі не паведамляюць. Размаўляць пра тое, хто і што будзе сьведчыць ад імя ўраду, у міністэрствах і ведамствах адмаўляюцца ўвогуле. Да прыкладу, вось што паведаміла прэсавая сакратарка Мінпрацы Галіна Трафіменка:
(Трафіменка: ) “Многія да нас зьвяртаюцца, але ніякіх камэнтароў, зусім ніякай інфармацыі мы не даем”.
Менавіта замоўчваньне ўладамі ўсялякай інфармацыі ёсьць асаблівасьцю візыту ў Беларусь надзвычайнай камісіі МАП, — сказаў у інтэрвію Радыё Свабода прадстаўнік Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Вадзім Барысаў.
(Барысаў: ) “Той факт, што праца гэтай камісіі ніяк не адлюстраваная ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі Беларусі, паказвае, што ўлады замоўчваюць праўду пра яе дзейнасьць. І гэта пазыцыя ўраду краіны — рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. А па-другое, гэта падвойныя стандарты: адныя для сваёй краіны, іншыя — для міжнароднай супольнасьці. То бок, у Беларусі яны хочуць праводзіць ранейшую палітыку ў адносінах да прафсаюзаў, а на міжнароднай арэне спрабуюць паказаць, што гатовыя да супрацоўніцтва, што выконваюць усе рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы, хоць насамрэч гэта не адпавядае рэчаіснасьці”.
Чыноўнікі таксама адмаўляюцца паведамляць пра зьмест дакладаў і ўдзельнікаў слуханьняў у Жэнэве, спасылаючыся, што канчаткова гэтае пытаньне зь сябрамі камісіі будзе ўзгадняцца ў пятніцу. Аднак паводле папярэдніх зьвестак, ў Жэнэве ўрад Беларусі будуць рэпрэзэнтаваць ня першыя асобы, як таго прасілі чальцы МАП, а намесьнікі міністраў і кіраўнікі ўправаў Міністэрства працы і юстыцыі.