Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМЫСЛОВАЯ КАМІСІЯ МАП СУСТРЭЛАСЯ ЗЬ СЯБРАМІ НЕЗАЛЕЖНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ БЕЛАРУСІ


Галіна Абакунчык, Менск

На сустрэчы з прадстаўнікамі незалежных прафсаюзаў у праграме дзейнасьці камісіі адведзена чатыры дні. Паведаміць пра факты парушэньня сваіх правоў пажадалі каля 70 сьведкаў, таму праца камісіі не перапынялася нават у выходныя. Сябры Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, якія былі першымі сьведкамі, кажуць, што ў камісіі вельмі добра паінфармаваныя пра становішча з правамі прафсаюзаў у Беларусі й найперш цікавіліся фактычным пацьверджаньнем гэтых зьвестак. Сёньня ж з адмысловай камісіяй МАП гутарылі лідэры і актывісты прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці й аўтасельгасмашу.

Вось што пасьля свайго візыту ў інтэрвію Радыё Свабода паведаміў Аляксандар Бухвостаў.

(Бухвостаў: ) “Іх цікавілі матэрыялы, якія пацьвердзілі бы тыя ці іншыя парушэньні. Такія матэрыялы мы прапанавалі: і па адмовах рэгістрацыі “пярвічак”, і па звальненьню актывістаў, і па перасьледу лідэраў. Я думаю, што яны мусяць пераканацца, што парушэньне правоў працоўных у Беларусі жахлівае, і неабходныя адпаведныя рашэньні”.

Міжнародная арганізацыя працы ёсьць структурным аддзяленьнем ААН, якая яднае ў сваіх шэрагах прадстаўнікоў нацыянальных урадаў, працадаўцаў і працоўных. Візыт кантрольнай камісіі прадугледжвае артыкул 26 Статуту арганізацыі, які ўжываецца ў надзвычайных выпадках, а менавіта — калі рашэньні й рэкамэндацыі кантрольных органаў МАП сыстэматычна парушаюцца ўрадамі краінаў.

У выпадку зь Беларусьсю гэтая працэдура была распачатая яшчэ ў 2000 годзе, паводле скаргі шэрагу прафсаюзаў. Цягам гэтых гадоў МАП неаднойчы прымала адмысловыя рэзалюцыі па Беларусі. Многія актывісты незалежнага руху спадзяюцца на маральную падтрымку камісіі МАП і на ўласныя сілы. Адзін зь іх — лідэр Незалежнага прафсаюзу мэталістаў Уладзімер Другакоў.

(Другакоў: ) “Калі мы дакажам сваю правату, то гэта будзе хоць бы маральнае задавальненьне для людзей. Бо нічым нам камісія ня здолее дапамагчы, калі мы самі не захочам. У нашым грамадзтве ёсьць значная частка людзей, для якіх Свабода — не пусты гук. І было б дабра ўсіх аб’яднаць хаця бы ў прафсаюзе”.

Заўтра адмысловая камісія МАП заслухае сябраў Свабоднага прафсаюзу, а затым настане чарга даваць паказаньні высокапастаўленым чыноўнікам Беларусі.
XS
SM
MD
LG