Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СЬВЕЦЕ АДЗНАЧАЮЦЬ ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ АХВЯРАЎ ГАЛАКОСТУ


Ганна Соусь, Менск

61 год таму пачалося паўстаньне асуджаных на сьмерць вязьняў Варшаўскага гета — змаганьне доўжылася амаль тры тыдні, фашысты жорстка задушылі супраціў. У выніку загінулі 56 тысяч чалавек. Усяго падчас этнічных чыстак другой усясьветнай вайны загінулі 6 мільёнаў габрэяў, у тым ліку 800 тысяч габрэяў Беларусі.

Сёлета з нагоды гэтага памятнага дня ў Беларусі ніякіх адмысловых мерапрыемстваў ня ладзіцца. Кіраўнік беларускага прадстаўніцтва амэрыканскай грамадзкай арганізацыі “Саюз камітэтаў у абарону былых савецкіх габрэяў”Якаў Басін адзначае для Радыё Свабода, што вельмі важна, каб пра гэты дзень памяталі ня толькі габрэі, але і іншыя нацыі, таму што генацыд не павінен паўтарыцца. Якаў Басін кажа пра актывізацыю нэафашысцкага руху ў сьвеце, а таксама пра занепакоенасьць беларускіх габрэяў праявалі антысэмітызму ў краіне.

(Басін: ) “Літаральна да мінулага лета мы маглі дакладна сказаць, што сацыяльнай палітыкі дзяржавы, скіраванай на дыскрымінацыю габрэяў, няма. Але летась быў зачынены Міжнародны гуманітарны інстытут, адзіная вышэйшая навучальная ўстанова, у якой была катэдра юдаікі. І паколькі дзяржава ўвогуле ніякіх довадаў з нагоды гэтай падзеі ня выказала, то мы разумеем, што тут ёсьць пэўныя выключна ірацыянальныя моманты, якія датычныя ўжо антысэмітызму. Вы паглядзіце — у гарадах свастыкі, надпісы “Сьмерць жыдам”. Летась 25 траўня быў апаганены мэмарыял “Яма”. Мы напісалі адкрыты ліст Лукашэнку, і нават ветлівага адказу не атрымалі. Усё гэта нас вельмі непакоіць”.

Працягваючы аповед Якава Басіна, старшыня саюзу габрэйскіх арганізацыяў і суполак Леанід Левін кажа пра шэраг антысэміцкіх выданьняў, у тым ліку і кнігу “Война по законам подлости”, якія прадаюцца ў менскай краме “Праваслаўная кніга”.

(Левін: ) “Тыдзень таму мы падалі ў пракуратуру наш пратэст з прычыны той літаратуры, якую прапаноўвае крама “Праваслаўная кніга” — “Юдэі і хрысьціяне” і гэтак далей, цэлы сьпіс. На жаль, гэта кнігі маскоўскія. Цяпер фашызм заўважна падымае сваю галаву ў Францыі, Бэльгіі, Нямеччыне, у Расеі вельмі актыўна. Мы вельмі клапоцімся, каб гэтага не было ў нас, у Беларусі”.

Дарэчы, праваахоўчыя органы пачалі дасьледаваць факты антысэмітызму ў Гомелі й Полацку. Сёлета ў студзені ў гарадзкім транспарце актывісты беларускай арганізацыі Расейскага нацыянальнага адзінства распаўсюджвалі ўлёткі з антысэміцкімі тэкстамі артыкулаў маскоўскай газеты “Русь Праваслаўная”. Гэткая ж нэанацыская групоўка дзейнічала і ў Полацку, там расьпісвалі антысэміцкімі надпісамі дзьверы габрэйскага абшчыннага дому.

Пасьля звароту беларускіх габрэйскіх арганізацыяў у пракуратуру КГБ Гомельскай воболасьці распачаў дасьледаваньне гэтых інцыдэнтаў, а пракуратура Полацку адмяніла ранейшую пастанову ад адмове ў завядзеньні крымінальнай справы з нагоды апаганьваньня Полацкага габрэйскага абшчыннага дому.

XS
SM
MD
LG