Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫГІР І ЯГОНАЯ МАЦІ-АДВАКАТ ЗЬБІРАЮЦЦА АБСКАРДЖВАЦЬ ВЫНЕСЕНЫ ПРЫСУД


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Аляксандр Чыгір быў арыштаваны напачатку 2001 года і асуджаны за крадзеж аўтамабіляў і продаж крадзеных запчастак на 7 гадоў турмы. Летась сына экс-прэм’ера вярнулі з калёніі і пачалі судзіць другі раз, ужо паводле іншых эпізодаў той самай крымінальнай справы. Гэты працэс цягнуўся з перапынкамі амаль паўгода і завершыўся сёлета 6 красавіка. Чыгір-малодшы быў зноў прызнаны вінаватым, але паводле новага крымінальнага кодэксу за тыя ж злачынствы атрымаў 4 гады зьняволеньня. Да таго ж суд прымяніў да яго амністыю на адзін год і таму вызваліў з-пад варты дакладна ў судовай зале. Між тым на Аляксандра Чыгіра наклалі велізарнае грашовае спагнаньне. Ягоная маці і адвакат Юлія Чыгір кажа пра суму ў некалькі соцень тысяч даляраў.

(Юлія Чыгір: ) “З якога “фанара” пабралі яны гэтыя лічбы. Нават калі б ён на самой справе гэтыя машыны пакраў. Машыны па 10-15 гадоў, а яны нібыта каштуюць па 40-50 мільёнаў. Калі ўсё разам скласьці, то там толькі паўмільёна даляраў трэба выплачваць”.

Нагадаю, адзін мільён даляраў спагнаньня на сям’і Чыгіроў ужо вісіць.

Былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра суд палічыў вінаватым ў тым, што “Белаграпрамбанк” прыканцы 1990-х гадоў страціў гэтую суму, калі няўдала спрабаваў пабудаваць новы офіс.

Цікава, што сам банк спачатку не выказаў прэтэнзіяў да свайго былога старшыні Міхаіла Чыгіра, але зрабіў гэта пасьля таго, як ў справу умяшалася пракуратура. Мільён даляраў “Белаграпрамбанку” Міхаіл Чыгір гэтак і ня выплаціў. Ён кажа, што ў яго проста няма і ніколі не было такіх грошай.

У 1999 годзе Міхаіл Чыгір таксама сядзеў за кратамі 8 месяцаў. Чыгір-малодшы ў гэтым паўтарыў лёс бацькі, але адседзіў у шмат разоў болей. Юлія Чыгір прызнае, што ўсё ж разглядае вызваленьне сына як пэўную саступку ўлады. Паводле яе, нехта вельмі ўплывовы на самым версе гэтак вырашыў лёс Аляксандра.

Цяпер Аляксандр Чыгір бавіць час зь сям’ёй – жонкай і трохгадовым сынам, які да гэтага рос без яго. Кантактаваць з журналістамі Чыгір-малодшы пакуль адмаўляецца.

Юлія Чыгір кажа, што яе вельмі непакоіць стан здароўя сына. Ён амаль тры гады адседзіў ў камэры, дзе на аднаго чалавека даводзілася крыху больш за мэтар плошчы. Гэта не магло не паўплываць на ягонае здароўе.

(Юлія Чыгір: ) “Ёсьць вялікія парушэньні ў здароўі. Па-першае, трымаецца высокая тэмпэратура. Па-другое, зьявіліся вялікія праблемы з зубамі. Ён вельмі бледны, белы. З мышцамі таксама праблемы. Бо ў гэнай камэры, дзе ён сядзеў, не было як зрабіць нават тры крокі ў адзін бок”.

Аляксандар Чыгір і ягоная маці-адвакат зьбіраюцца абскарджваць вынесены прысуд. Юлія Чыгір таксама зьбіраецца змагацца за зьмены ў крымінальна-працэсуальны кодэкс. Яна супроць таго, каб сьледчыя маглі дзяліць крымінальную справу на кавалкі і такім чынам ініцыяваць адзін працэс за другім. Такую практыку, выпрабаваную на іх сыне, Юлія і Міхаіл Чыгіры лічаць сапраўдным катаваньнем, бо яна дазваляе гадамі трымаць людзей ў сьледчым ізалятары ў жудасных умовах.
XS
SM
MD
LG