Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКІ АДДЗЕЛ “AMNESTY INTERNATIONAL” ВЫСТУПАЕ Ў ПАДТРЫМКУ ПРАВААБАРОНЦАЎ БЕЛАРУСІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

29 сакавіка “Amnesty International” распаўсюдзіла адмысловую справаздачу, у якой адзначаецца, што абаронцы правоў чалавека ў Беларусі ўвесь час мусяць змагацца зь перашкодамі, якія паўстаюць з боку дзяржавы – іх перасьледуюць і запалохваюць.

“Цягам апошніх некалькіх месяцаў, на падставе сумнеўных заканадаўчых актаў, якія, як гэта агульнапрызнана, маюць абмежавальны характар, была забароненая дзейнасьць надзвычай вялікай колькасьці недзяржаўных арганізацыяў, што займаюцца праваабарончай дзейнасьцю. У такой сытуацыі, “Amnesty International” непакоіць лёс людзей, якія працягваюць працаваць у галіне абароны правоў чалавека, бо кожны зь іх асабіста можа стаць аб’ектам перасьледу”, – гаворыцца ў справаздачы “Amnesty International”.

У сувязі з гэтым арганізацыя вырашыла распачаць акцыю ў падтрымку беларускіх праваабаронцаў. Гаворыць прадстаўніца “Amnesty International” Мірэла Панэк.

(Панэк: ) “Акцыя нашай арганізацыі прадугледжвае высыланьне лістоў, факсаў і імэйлаў на адрас намесьніка міністра юстыцыі Беларусі Валера Міцкевіча з заклікам спыніць карныя захады супраць беларускіх праваабаронцаў, бо гэтыя захады не адпавядаюць міжнародным стандартам абароны правоў чалавека”.

На інтэрнэт-старонцы “Amnesty International” пададзены прыкладны тэкст ліста ў беларускае міністэрства. Варта адзначыць, што гэта ня першая акцыя такога кшталту, якую наладзілі супрацоўнікі “Amnesty International”. Летась на заклік гэтай арганізацыі тысячы палякаў накіравалі лісты Аляксандру Лукашэнку, таксама з патрабаваньнем шанаваць правы чалавека.

Працягвае Мірэла Панэк:

(Панэк: ) “Для нас Беларусь – гэта вельмі важная краіна. У польскім аддзяленьні нашай арганізацыі ёсьць людзі, якія адмыслова займаюцца Беларусьсю, і мы намагаемся браць удзел ў як мага большай колькасьці акцыяў, прысьвечаных абароне правоў чалавека ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG