Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМАЛЯВІЦКАГА ГАЛАДОЎНІКА ЗАВЕЗЬЛІ Ў ШПІТАЛЬ


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

Раніцай смалявіцкія лекары на тэрыторыі “ЮКІ”, дзе ад 22 сакавіка галадавалі дзесяць чалавек, правялі іх мэдычнае абсьледаваньне. Вось што паведаміла пра ягоныя вынікі кардыёляг Тацяна Шалонік:

(Шалонік: ) “Сёньня аднаго я шпіталізавала. Шановіча Мікалая. Ён воін-інтэрнацыяналіст, “афганец”, у яго высокі білірубін — “пажаўцеў” ён трошкі, гэты малады чалавек. У яго быў нармалёвы білірубін, васямнаццаць, калі галадоўку абвесьцілі, а цяпер у яго семдзесят шэсьць білірубін. Ён у тэрапіі ляжыць. У Смалявічах”.

(Карэспандэнт: ) “Ці будзе ён працягваць галадоўку?”

(Шалонік: ) “Не, ён ужо ня будзе галадаць. Ён будзе выходзіць з галадоўкі. Так што дзевяць чалавек засталося”.

Астатнія дзевяць чалавек працягваюць акцыю. Паводле галадоўнікаў, у іх застаецца ранейшая мэта — захаваць прадпрыемства і свае працоўныя месцы:

(Батура: ) “Я працую апэратарам. Працую я тут шосты год. Прадпрыемства наша працуе ўстойліва. Добрыя заробкі ў нас. У параўнаньні са Смалявічамі, дык вышэй сярэдняга. Што нам рабіць, калі зачыняць? За сто рублёў некуды пайсьці? У мяне двое дзетак непаўнагадовых”.

(Сорыкаў: ) “Дэмакратыяй тут і ня пахне”.

(Быкоўскі: ) “Няма сродкаў масавай інфармацыі”.

(Сорыкаў: ) “Усім забаранілі да нас прыяжджаць. Беларускага тэлебачаньня ні разу не было”.

(Аўрамаў: ) “Працую на прадпрыемстве два гады кіроўцам. Патрабаваньне — каб выдзелілі два гектары зямлі, “бросавай” зямлі. Груба кажучы, звалкі. І каб далі нам спакойна працаваць. Я хачу нармалёва жыць. Зарабляць грошы і карміць сваю сям’ю. Я сапраўды маю намер сядзець тут да канца, пакуль нашае пытаньне ня будзе вырашанае”.

Ня выключана, што лёс “ЮКІ” будзе вырашаны ўжо ў блізкім часе. Паводле добра інфармаваных крыніцаў, абмеркаваньне смалявіцкіх падзеяў вынесенае на ўрадавы ўзровень.
XS
SM
MD
LG