Былы сябра БНФ Вячаслаў Сіўчык, актывіст Партыі свабоды Валянцін Баранаў і сябра БРСМ Дзяніс Буйніцкі прыкавалі сябе ланцугамі да слупоў і трымалі ў руках транспаранты з надпісамі “Жыве Беларуская Народная Рэспубліка!”, “Жыве незалежная Беларусь!” і “Беларусы маюць права абіраць уладу”. Удзельнікі акцыі такім чынам адзначалі 86-я ўгодкі БНР.
Празь нейкі час да іх падышлі людзі ў цывільным, пачалі выхопліваць з рук плякаты і, разьбіўшы зубілам ланцугі, пацягнулі пікетоўцаў у міліцэйскі аўтобус.
Паводле ўдзельнікаў акцыі, іх затрымлівалі амонаўцы з Расеі, якія стажыруюцца ў Беларусі. Кіраваў захопам нехта Вінаградаў з гораду Цьвер. Ва ўправе міліцыі Цэнтральнага раёну Менску на спадароў Сіўчыка, Баранава і Буйніцкага склалі пратаколы і ўвечары адпусьцілі дахаты. А раніцай 26 сакавіка іх даставілі ў суд.
Апазыцыянэры даводзілі судзьдзі Натальлі Вайцяховіч, што іхная акцыя не была пікетам, а таксама ставілі пад сумнеў паказаньні сьведак, беларускіх амонаўцаў, бо іх затрымлівалі расейцы. Аднак судзьдзя прызнала іх вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце і пакарала Вячаслава Сіўчыка штрафам 875 тысяч рублёў. Спадары Буйніцкі і Баранаў аштрафаваныя на 350 тысяч рублёў.
Студэнт Акадэміі мастацтваў і сябра БРСМ Дзяніс Буйніцкі так пракамэнтаваў гэтае судовае рашэньне:
(Буйніцкі: ) “Я захацеў заклікаць усіх патрыётаў Беларусі да яднаньня, бо Радзіма ў нас адна. Я не лічу гэта нейкім злачынствам. Гэта суд на загад зьверху, таму ўсё было зразумела і вядома”.
А вось меркаваньне Вячаслава Сіўчыка:
(Сіўчык: ) “Я думаю, што такія рашэньні выкліканыя інфармацыяй пра тое, што нас бралі расейскія грамадзяне. Я думаю, што такім чынам хацелі пагасіць скандал і таму нам далі штраф”.
Валянцін Баранаў гаворыць, што штрафам улады не прымусяць яго адмовіцца ад сваёй дзейнасьці:
(Баранаў: ) “Гэта парушэньне нават існоўнага заканадаўства. Усё выконваецца на загад зьверху. Я лічу, што пратэст у любой форме павінен быць, і нас ніхто ня спыніць”.
Усе яны будуць абскарджваць гэтае рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе.
Гл. таксама
СЬВЯТКАВАНЬНЯМ У МЕНСКУ ПЕРАШКОДЗІЛІ МІЛІЦЫЯНТЫ, У ТЫМ ЛІКУ РАСЕЙСКІЯ