Падставай для гэтага сталася інтэрвію праграме “Зеркало” расейскага тэлеканалу РТР, падчас якога Анатоль Лябедзька крытыкаваў дзейнасьць кіраўніка Беларусі, у прыватнасьці, казаў пра ўтойваньне грошай ад продажу зброі. Афіцыйныя абвінавачаньні А.Лябедзьку выстаўленыя не былі, ён па-ранейшаму застаецца падазраваным у паклёпе.
Анатоль Лябедзька адказваў на пытаньні сьледчага цягам дзьвюх гадзінаў. Але гаворка тычалася ў асноўным ягонай палітычнай дзейнасьці, а ня сутнасьці справы. Гаворыць Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька: ) “У прававой дзяржаве гэта не дайшло бы да суду. Але калі гэта будзе даведзена, то маімі сьведкамі будуць Аляксандар Лукашэнка, ягоныя міністры і дэпутаты: я прывяду іхныя выказваньні, якія пацьвярджаюць праўдзівасьць маіх словаў. Вельмі шкада, што ў нас на вагах беларускай Тэміды гонар аднаго чалавека пераважае правы й свабоды ўсіх грамадзянаў Рэспублікі Беларусь”.
Паводле спадара Лябедзькі, сьледчы Пікараў заявіў, што будзе хадайнічаць перад пракуратурай Расеі аб допыце вядучага праграмы “Зеркало” Мікалая Сванідзэ і віцэ-прэм’ера расейскага ўраду Жукава, які таксама быў удзельнікам згаданай праграмы.
У часе допыту сьледчы таксама паведаміў, што супраць спадара Лябедзькі вядзецца яшчэ адна крымінальная справа, распачатая год таму ў зьвязку з выказваньнямі ў мэдыях, якія таксама тычыліся пытаньняў гандлю зброяй. У сваю чаргу Анатоль Лябедзька заявіў, што ў зьвязку з палітычнай матывацыяй справы ён адмаўляецца даваць паказаньні паводле сутнасьці й будзе адказваць на пытаньні толькі пасьля таго, як да крымінальнай справы будуць далучаныя дакумэнты, што пацьвярджаюць праўдзівасьць ягоных публічных меркаваньняў.
Пракамэнтаваць хаду допыту адвакат падазраванага Павал Сапелка ня змог з тае прычыны, што гэта яму забараніла пракуратура, узяўшы пісьмовую падпіску аб нераспаўсюдзе інфармацыі. Вось што ён сказаў у інтэрвію Радыё Свабода:
(Сапелка: ) “Паводле агульнай практыкі, гэтая норма прымяняецца даволі рэдка. Я так лічу, што гэта спроба абмежаваць мае кантакты з прэсай і грамадзкасьцю”.
Дакумэнты, якія пацьвердзяць праўдзівасьць выказваньняў, спадар Лябедзька намерваецца прапанаваць сьледзтву цягам некалькіх тыдняў.