Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯШЧЭ АДЗІН ПРАФСАЮЗНЫ АКТЫВІСТ ЗВОЛЬНЕНЫ З ПРАЦЫ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Звольнены сёньня з працы Алег Шайтар працаваў старшым машыністам катлатурбіннага цэху і ачольваў заводзкую суполку Свабоднага прафсаюзу. Нагодаю для звальненьня сталася, як сказана ў загадзе, “невыкананьне абавязкаў па праверцы працы абсталяваньня”.

Суполка Свабоднага прафсаюзу на Полацкай ЦЭЦ была ўтвораная ў лістападзе летась, і ў ёй згуртавалася дзевяць работнікаў. Паводле Алега Шайтара, ад першага ж дня сяброўства ў прафзьвязе, гэтыя людзі зазналі непрыхаваны ўціск адміністрацыі.

Гаворыць Алег Шайтар:

(Шайтар: ) “Адразу ж пасьля стварэньня суполкі Свабоднага прафсаюзу, ейныя сябры сутыкнуліся з прэсінгам з боку адміністрацыі. Іх рэгулярна выклікалі ў кабінэты і пагражалі звальненьнем з працы, калі хто ня выйдзе з прафсаюзу. У прыватнасьці, мяне выклікаў непасрэдна дырэктар ЦЭЦ Яўген Прашковіч і казаў літаральна наступнае: “Вы со своим профсоюзом будете ходить как собаки – за забором”. У выніку такіх дзеяньняў у складзе суполкі засталося тры сябры. У такой сытуацыі адміністрацыя зрабіла ўсё, каб выкінуць мяне за прахадную. Урэшце, мне без усялякіх законных падставаў прыпісалі парушэньне працоўнай дысцыпліны, і я ад сёньняшняга дня, як і абяцаў спадар Прашковіч, апынуўся за плотам”.

Алег Шайтар, які застаўся бяз працы, выхоўвае двух дзяцей, прычым, жонка ягоная таксама не працуе, даглядаючы дзіця.

Нагадаем, што тыдзень таму дырэкцыя іншага прадпрыемства – Наваполацкай цеплаэлектрацэнтралі – адмовілася працягнуць працоўны кантракт кіраўніку тамтэйшай суполкі Свабоднага прафсаюзу і яшчэ двум прафсаюзным актывістам. На думку старшыні Полацка-Наваполацкай рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Ўладзімера Антановіча, за ўсім гэтым прасочваецца ня проста пэўная тэндэнцыя, а мэтанакіраваная палітыка на зьнішчэньне незалежнага прафсаюзнага руху.
XS
SM
MD
LG