Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВУЧЭНЦЫ НАЦЫНАЛЬНАГА ГУМАНІТАРНАГА ЛІЦЭЮ НАЛАДЗІЛІ АКЦЫЮ ДА ДНЯ ВОЛІ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня апоўдні каля 60 навучэнцаў і выпускнікоў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю сабраліся ля свайго былога будынку, што на вуліцы Кірава. Пра мэту акцыі да Дня Волі распавядае для Радыё Свабода старшыня вучнёўскага самакіраваньня Франак Вячорка:

(Вячорка: ) “Агульная назва нашай сёньняшняй акцыі — “Перазімавалі”. Гэта значыць, што ліцэй жыве. Мы нагадаем пра тое, што ліцэй закрыты, што 110 чалавек пакуль што знаходзяцца бязь месца вучобы. Нагадаем, шо ёсьць яшчэ моладзь, якой неабыякавы лёс Беларусі, і тое, што ліцэй будзе заўсёды сьвяткаваць Дзень Волі, ліцэй будзе заўсёды на вуліцы змагацца за свае правы. Лёзунгі акцыі вельмі простыя і наіўныя: “Ліцэй хоча жыць. Не давайце яму загінуць”, “Ліцэй заўсёды існуе”, “Ліцэй у нашых сэрцах”.

Ад будынку ліцэю навучэнцы накіраваліся на праспэкт Францішка Скарыны.

(Ліцэіст: ) “Мяне завуць Бабічаў Антон, мы хочам даказаць, што ліцэй яшчэ існуе, і што мы пасьпяхова здамо ўсе іспыты”.

(Ліцэістка: ) “Я Алена Андросік з 1 курсу. Мы гэтай акцыяй хочам паказаць, што ліцэй пражыў ужо амаль цэлы навучальны год, і мы не зьбіраемся здавацца”.

Насупраць унівэрсаму “Цэнтральны” ліцэісты сталі ланцугом уздоўж праспэкту, разгарнулі плякаты пачалі сьпяваць “Гаўдэамус”. Некаторыя кіроўцы сыгналілі на знак салідарнасьці зь ліцэістамі. Падтрымлівалі іх і многія мінакі:

(Дзяўчына: ) “Я ўспрымаю вельмі станоўча тое, што робяць дзеці, бацькі, што яны змагаюцца”.

(Спадарыня: ) “Мне вельмі прыемна, што ў нас моладзь яшчэ можа выказваць сваю волю, сваё жаданьне адстойваць свае правы. А гэта вельмі складана. Асабліва ў апошні час”.

Хвілін праз трыццаць да ліцэістаў падышлі міліцыянты і пачалі забіраць плякаты. Потым яна затрымалі бацьку ліцэіста Яўгена Грыневіча Юр’я, які стаяў побач зь дзецьмі й рабіў фатаздымкі.

(Міліцыянт: ) “Фотаапарат дайце”.

(Грыневіч: ) “Які фотаапарат? У вас ёсьць ордэр на вобшук?”

(Карэспандэнтка: ) “Якія прэтэнзіі вам выстаўляюць?”

(Грыневіч: ) “Ён заўважыў, што я раблю фатаздымкі і стаў патрабаваць фотаапарат”.

Міліцыянты адвялі Юр’я Грыневіча ў гарадзкі аддзел міліцыі, што на вуліцы Леніна. Вось як адрэагаваў на затрыманьне свайго бацькі Яўген Грыневіч:

(Грыневіч: ) “Ведаеце, у Беларусі шмат такога адбываецца на сёньняшні дзень, таму гэта мяне не зьдзіўляе, я шмат такога ўжо бачыў”.

Далей ліцэісты накіраваліся ў парк Горкага, дзе правялі мастацкі пэрформанс. Гаворыць Франак Вячорка:

(Вячорка: ) “Мы малюем на асфальце кветачкі й хаткі. Малюем ліцэйскія лёзунгі, будынкі ліцэю, усё, што нас хвалюе й турбуе, і што мы хацелі выказаць сёньняшняй акцыяй”.

Падчас акцыі ліцэістаў здымалі на відэакамэру людзі ў цывільным. Калі па завяршэньні пэрформансу большасьць ліцэістаў пакінулі парк імя Горкага, міліцыянты затрымалі пяцёх навучэнак ліцэю — Адэлю Дубавец, Юлю Бандарэнку, Вольгу Кавалёву, Марылю Васючэнку, Тацяну Абрамчук, а таксама трох дзяўчынак, якія проста назіралі за пэрформансам у парку. Пазьней усіх затрыманых выпусьцілі, пратрымаўшы пэўны час у апорным пункце міліцыі Партызанскага раёну.

Гэта была ўжо 31-я акцыя навучэнцаў з таго часу, як улады зачынілі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа.
XS
SM
MD
LG