Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНСТЫТУЦЫЙНЫ СУД ВЫКАЗАЎСЯ СУПРАЦЬ СЬМЯРОТНАЙ КАРЫ


Уладзімер Глод, Менск

Адразу пасьля вынясеньня вэрдыкту ініцыятар запыту ў Канстытуцыйны суд дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Нарэйка сказаў:

(Нарэйка: ) “Я ж, канечне, задаволены. Я лічу, што гэта максымальна добрае рашэньне”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы будзеце дзейнічаць далей?”

(Нарэйка: ) “Я думаю, што трэба зьвярнуцца ў Палату прадстаўнікоў у рамках рашэньня Канстытуцыйнага суду аб унясеньні зьменаў у Крымінальны кодэкс. Цяпер стаіць пытаньне аб парлямэнце — ці падтрымаюць мяне мае калегі?”

(Карэспандэнт: ) “А вы можаце спрагназаваць іхнае рашэньне?”

(Нарэйка: ) “Гэта вельмі цяжкае пытаньне. Да гэтага трэба рыхтавацца. Адразу многія пытаньні не праходзяць. Іх патрэбна рыхтаваць. Да гэтага патрэбна вельмі сур’ёзна падысьці”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ўжо вырашылі, да чаго будзеце заклікаць калегаў — увесьці маратор ці скасаваць сьмяротнае пакараньне наогул?”

(Нарэйка: ) “Адмена сьмяротнай кары, я думаю, справа нерэальная. Патрэбна казаць пра рэальнае — пра маратор”.

(Карэспандэнт: ) “А вы не выключаеце, што Аляксандар Лукашэнка вас апярэдзіць і, пакуль пачнецца сэсія, сам увядзе маратор?”

(Нарэйка: ) “Ну, і дзякуй богу! Мы будзем усе вельмі шчасьлівыя”.

Такім чынам, 11 сакавіка зьявіліся юрыдычныя падставы для таго, каб працягваць барацьбу за ўвядзеньня маратору на пакараньне сьмерцю альбо нават скасаваньне сьмяротнай кары. Пры гэтым варта нагадаць: паводле вынікаў так званага рэфэрэндуму 1996 году 80% насельніцтва выказалася супраць адмены пакараньня сьмерцю. Але ў заключэньні Канстытуцыйнага суду згадваецца, што, па-першае, галасаваньне мела толькі рэкамэндацыйны характар, а па-другое, у той час у беларускім заканадаўстве не было такой сур’ёзнай альтэрнатывы як пажыцьцёвае зьняволеньне.

Рашэньні Канстытуцыйнага суду, згодна з законам, зьяўляюцца канчатковымі, абскарджаньню і апратэставаньню не падлягаюць. А што будзе, калі, напрыклад, большасьць Палаты прадстаўнікоў не падтрымае заключэньня суду? Гэтае пытаньне я задаў сябру Канстытуцыйнага суду першага складу прафэсару, доктару юрыдычных навук Міхаілу Пастухову:

(Пастухоў: ) “Адбудзецца тое, што адбудзецца: пытаньне ня будзе вырашанае. Яно можа станоўча вырашыцца толькі пры ўмове, што будзе папярэдне ўзгодненае з кіраўніком дзяржавы. Больш за тое, калі Лукашэнка асабіста ініцыюе гэтую праблему перад дэпутатамі. Тады яна, безумоўна, вырашыцца на 100%”.
XS
SM
MD
LG