Нагодаю для напісаньня ліста сталі супярэчлівыя адказы розных ведамстваў — адміністрацыі прэзыдэнта, Савету міністраў, міністэрства і гарадзкога аддзелу адукацыі — на просьбы калектыву ліцэю вярнуцца да разгляду пытаньня пра лёс ліцэю.
Чыноўнікі Міністэрства адукацыі адказалі, што Менскага гарадзкога ліцэю стварыць не ўдалося, а супрацоўнікі Менскага гарадзкога аддзелу адукацыі паведамілі, што ліцэй створаны і туды нават прызначаная дырэктарка. Прэзыдэнцкая адміністрацыя і Саўмін увогуле не закраналі гэтага пытаньня, а папросту працытавалі тэкст пастановы аб ліквідацыі ліцэю, Закон аб адукацыі, палажэньне аб экстэрнаце і нічога не адказалі пра лёс навучэнцаў ліцэю.
На бацькоўскай радзе зацьвердзілі тэкст ліста да Аляксандра Лукашэнкі. Бацькі нагадалі яму аб тым, што будынак ліцэю зачынілі яшчэ ў ліпені, больш за сотню таленавітых дзяцей выкінулі на двор і дагэтуль пытаньне аб разьмяшчэньні ліцэю ня вырашанае. Гаворыць дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас:
(Колас: ) “Міністэрства адукацыі канстатуе той факт, што нам хлусілі, калі абяцалі, што будзе створаны Менскі гарадзкі ліцэй. Там так і напісана, што плянавалася стварыць гарадзкі ліцэй, але гэта не ўдалося ажыцьцявіць. Безумоўна, усё гэта нас ня можа задаволіць. Мы цяпер зьвяртаемся з адкрытым лістом да Лукашэнкі, патрабуючы, каб ён асабіста прачытаў наш ліст і даў нам адказ. У іншым выпадку мы будзем шукаць спосабаў зьвярнуць на сябе ягоную ўвагу. Каб ён нарэшце заняўся гэтым пытаньнем”.
Уладзімер Колас узначальвае таксама камісію конкурсу, які праводзяць каледжы міжнароднай супольнасьці. У гэтых каледжах вучацца студэнты са ста краінаў сьвету. Умовай навучаньня ёсьць веданьне гісторыі сваёй краіны і роднай мовы. Бадай, толькі для навучэнцаў зь Беларусі гэтае пытаньне актуальнае. Удзельнікі конкурсу павінны даслаць свой твор пад назвай “Ліст зь Беларусі”. Камісія зацьвердзіць пераможцаў: адзін зь іх паедзе ў Італію ў Адрыятычны каледж, другі ў Нарвэгію ў каледж Чырвонага крыжа, а яшчэ адзін пераможца атрымае музычную стыпэндыю, каб вучыцца ў Адрыятычным каледжы ў клясе струнных інструмэнтаў. У гэтых каледжах вучацца 200 студэнтаў па сыстэме міжнароднага бакаляўрэату. Гэта дае падставы для паступленьня ў прэстыжныя ўнівэрсытэты.
Штогод сярод пераможцаў конкурсу ёсьць адзін прадстаўнік з Коласаўскага ліцэю. Сёлета ліцэісты, якім споўнілася 16 гадоў, таксама рыхтуюць свае творы, каб атрымаць прэстыжную стыпэндыю.