Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД АБАРАНІЎ РАСПАЎСЮДНІКАЎ СМАРГОНСКАЙ “МЕСТНОЙ ГАЗЕТЫ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У сярэдзіне студзеня падатковая інспэкцыя затрымала на вуліцы жанчын, якія прадавалі “Местную газету”. У іх забралі рэшткі газэтаў і грошы. На распаўсюдніц склалі пратаколы, нібыта яны парушылі мясцовыя правілы раздробнага гандлю, якія не прадугледжваюць продажу газэтаў. Інспэкцыя таксама спадзявалася, што суд пакарае і прадпрымальніцу Вольгу Куняўскую, якая наняла жанчын для распаўсюду газэты. Аднак сёньня суд адхіліў пратаколы з падатковай інспэкцыі як неабгрунтаваныя.

(Куняўская: ) “Я думаю, што гэта была папросту замова райвыканкаму. Яны кіраваліся толькі рашэньнем райвыканкаму ў тым, што забаранілі нам гандляваць друкаванымі выданьнямі. Хаця ліцэнзіі ўсе былі на руках у нас і асартымэнтны пералік — там газэты не былі выкрэсьленыя”.

У судзе высьветлілася, што паводле ліцэнзіі, якую мае прадпрымальніца, прадаваць газэты можна, але ў канкрэтна вызначаных месцах. Таксама выявілася, што ў падатковай інспэкцыі ўвогуле няправільна склалі пратаколы, у іх не пазначана, дзе прадаваліся газэты, няма сьведкаў — карацей, не даказаны сам факт продажу газэтаў.

XS
SM
MD
LG