У хроніцы падрабязна апісаныя ўсе факты парушэньня ў Беларусі правоў чалавека. Паводле Людмілы Гразновай, вось ужо чатыры гады, як улады ня робяць нічога, каб раскрыць таямніцу зьнікненьня Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага і нават хаваюць ад грамадзкасьці інфармацыю пра гэтыя злачынствы. Гэта пацьвярджае ў сваім мэмарандуме спэцыяльны дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс.
Людміла Гразнова адзначае, што ў Беларусі па-ранейшаму працягваюцца катаваньні людзей у турмах і ізалятарах. Паводле матэрыялаў хронікі, у 2003 годзе пад асабліва моцны ўціск уладаў патрапілі незалежныя СМІ й грамадзкія арганізацыі. Шэраг недзяржаўных рэгіянальных выданьняў былі ліквідаваныя, выхад некаторых прыпынены. Журналістаў штрафавалі, пазбаўлялі акрэдытацыі, а галоўны рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч амаль год адбываў пакараньне за сваю прафэсійную дзейнасьць у баранавіцкай спэцкамэндатуры. Як вынік, у Беларусі цяпер засталося трохі больш за 20 недзяржаўных выданьняў.
У 2003 годзе суды ліквідавалі больш за 20 найбольш актыўных грамадзкіх арганізацыяў і ў несудовым парадку — Беларускі гуманітарны ліцэй. Таксама ў Беларусі адбываўся крымінальны перасьлед чыноўнікаў і дырэктараў прадпрыемстваў. У выніку несправядлівага суду ў зьняволеньні знаходзіцца былы рэктар гомельскага мэдунівэрсытэту Юры Бандажэўскі й ягоны намесьнік Уладзімер Раўкоў.
Цягам мінулага году ўлады таксама перасьледавалі прадстаўнікоў рэлігійных меншасьцяў і актывістаў незалежных прафсаюзаў, а таксама дэпартавалі зь Беларусі іншаземных грамадзянаў.
Колькасьць затрыманых, аштрафаваных і асуджаных за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту актывістаў апазыцыі ў 2003 годзе была ўдвая меншая, чым у папярэднія гады. Людміла Гразнова тлумачыць гэта так:
(Гразнова: ) “Няўрадавы сэктар, грамадзянская супольнасьць ня мае ўжо таго імпэту і актыўнасьці, якая была ў 2001 і 2002 гадах. Грамадзкія арганізацыі зьнішчаюцца дзяржавай, людзі стомленыя й не адчуваюць падтрымкі. Але ж можна спадзявацца, што сёлета, калі будуць праходзіць парлямэнцкія выбары, актыўнасьць узрасьце. Улады будуць больш актыўна затрымліваць, і такіх выпадкаў будзе ў два-тры разы больш”.
Гэты маніторынг будзе накіраваны ў многія міжнародныя й праваабарончыя арганізацыі.