У галоўным штогадовым аглядзе датрыманьня палітычных, грамадзянскіх і рэлігійных свабодаў у сьвеце сьцьвярджаецца, што нягледзячы на затрымкі, зьвязаныя з глябальнай вайной супраць тэрарызму, свабода ў 2003 годзе пашыралася ва ўсім сьвеце. У 25 краінах адзначаны істотны рост і пашырэньне свабодаў, у той час як у 13 зафіксаванае пагаршэньне сытуацыі.
У справаздачы ўсе 192 краіны падзеленыя на тры катэгорыі – свабодныя, часткова свабодныя і несвабодныя. Да свабодных аднесена 89 дзяржаваў, у якіх жыве 2,8 мільярда чалавек або 44 працэнты чалавецтва. Да часткова свабодных залічаны 55 краінаў, у якіх пражывае 21 працэнт насельніцтва плянэты. У лік несвабодных трапілі 48 краінаў, у якіх жыве 35 працэнтаў жыхароў зямлі.
Пры выстаўленьні адзнакі ўлічваўся ўзровень палітычных і грамадзянскіх свабодаў у краіне і выстаўлялася адзнака – ад аднаго да сямі балаў. Адзін бал азначае самую шырокую свабоду, сем балаў – самую несвабодную краіну. Беларусь атрымала па 6 балаў у катэгорыях палітычных і грамадзянскіх свабодаў і занесеная ў катэгорыю несвабодных краінаў сярод 47-мі іншых. У 1993 годзе Беларусь мела 4,3 балы і лічылася часткова свабоднай краінай. З 1995 году сытуацыя пачала пагаршацца, і з 1997 году Беларусь стабільна мае 6 балаў ў 7-бальнай шкале Freedom House.
Беларусь у справаздачы трапіла ў разьдзел, названы “Найгоршыя з найгоршых”. Агулам у гэтым разьдзеле 48 краінаў, сярод якіх 25 маюць пераважна мусульманскае насельніцтва, дзьве – Паўднёвая Карэя і Куба – кіруюцца марксісцка-ленінскімі рэжымамі. Падобны зь Беларусьсью ўзровень свабоды маюць, напрыклад, Лібія, Судан і Туркмэністан.
Галоўны аналітык Freedom House Адрыян Каратныцкі ў інтэрвію нашаму Радыё наступным чынам патлумачыў занясеньне Беларусі ў катэгорыю “Найгоршыя з найгоршых”.
(Кратныцкі: ) “Беларусь застаецца адзінай краінай, якая можа лічыцца часткай Эўропы, і ў нашым аглядзе занесеная да катэгорыі “несвабодных дзяржаваў”. Разам з тым, наш агляд не фіксуе значнага далейшага пагаршэньня, бо ў Беларусі адбывалася паступовае пагаршэньне сытуацыі з палітычнымі правамі і грамадзянскімі свабодамі. Таму яна атрымала такую нізкую ацэнку ў нашым параўнаўчым дасьледваньні”.
У спэцыяльным разьдзеле справаздачы, прысьвечанай Беларусі, зроблены агляд сытуацыі ў краіне за апошнія гады. Прыводзяцца шматлікія факты парушэньня правоў чалавека беларускімі ўладамі, улучна зь несвабоднымі прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 году, рэпрэсіямі супраць незалежных журналістаў, парушэньнем правоў прафсаюзаў і рэлігійных меншасьцяў. Заканчваецца гэты разьдзел наступным падсумаваньнем: “Канстытуцыя Беларусі мае пэўны дыяпазон правоў і свабод асобы, але ўрад датрымлівае іх выбарачна. Службы бясьпекі перахопліваюць інфармацыю і парушаюць такім чынам права на канфідэнцыйнасьць, адвольныя ператрусы і канфіскацыі ставяць пад пагрозу недатыкальнасьць жытла, пашпартная сыстэма стваіць пад кантроль свабоду перасоўваньня і выбар месца жыхарства, а камандная эканоміка Беларусі жорстка абмяжоўвае эканамічныя свабоды грамадзянаў”.
Агулам у справаздачы Freedom House сьцьвярджаецца, што сытуацыя са свабодай у сьвеце патрабуе далейшага паляпшэньня, і для гэтага існуюць вялікія рэзэрвы.
Асабліва адзначаецца сытуацыя ў Заходняй Эўропе, дзе 24 краіны атрымалі адзнаку “свабодных”, і толькі Турэччына ў гэтым рэгіёне застаецца “часткова свабоднай”. У рэгіёне Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы 12 свабодных краінаў, 8 часткова свабодных і 7 несвабодных. Сярод краінаў былога СССР толькі тры прыбалтыйскія краіны атрымалі ацэнку “свабодных”. Часткова свабоднымі прызнаныя Армэнія, Грузія, Малдова, Расея і Ўкраіна. У лік несвабодных залічаныя Азэрбайджан, Казахстан, Кіргізстан, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан і Беларусь.