Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ПАДЗЕНЬНЕ ЖЫЦЬЦЁВАГА ЎЗРОЎНЮ Ў БЕЛАРУСІ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Анатоль Шумчанка згадвае, якімі былі ягоныя першыя крокі для абароны правоў сваіх калегаў:

(Шумчанка: ) “Я гандляваў на кірмашы пад намётам, і калі міліцыянты затрымлівалі каго з гандляроў, кідаў працу ды ішоў бараніць чалавека. Калі трэба было, нават ішоў у клетку і казаў, што пакуль вы чалавека ня выпусьціце, я адтуль ня выйду. Вось гэтак паступова зарабляўся давер, затое зараз нашая арганізацыя ўжо рэспубліканскага ўзроўню, і яна сапраўды вядзе барацьбу”.

Анатоль Шумчанка ачольвае арганізацыю “Пэрспэктыва”, якая аб’ядноўвае гандляроў менскіх рынкаў і вулічных шапікаў. Менавіта “Пэрспэктыва” дапамагла гандлярам Маскоўскага района Менску і некаторым іншым абараніцца ад незаконнага загаду сталічных уладаў ліквідаваць вулічны гандаль. І хаця значнай колькасьці гандляроў Менску заступніцтва “Пэрспэктывы” пакуль не дапамагло і барацьба працягваецца, яе ўдзельнікі зразумелі, што толькі праз аб’яднаньне яны могуць вытрымаць. Паводле Анатоля Шумчанкі, гэтак сама разуменьне патрэбы ў адзінстве павінна прыйсьці і да рабочых прадпрыемстваў, калгасьнікаў, працаўнікоў бюджэтнай сфэры. Між тым Анатоль Шумчанка перакананы, што гэтыя колы грамадзтва не адгукнуцца на агульныя палітычныя заклікі. На яго думку, іх актыўнасьць ў змаганьні за свае правы пачнецца з вырашэньня раэльных праблемаў:

(Шумчанка: ) “Што перашкаджае палітычным партыям сабраць людзей у дварах і дамагчыся прэцэдэнту, калі хаця б дзе людзі адмовіліся плаціць паводле новых завышаных тарыфаў на жыльлё? Хаця б у адным мікрараёне аб’яднаць гэтак людзей і вылучыць патрабаваньне старшыні гарвыканкаму Паўлаву зьнізіць плату. А калі яны гэтага ня робяць, то альбо ня могуць, альбо не жадаюць”.

Паводле дадзеных беларускіх свабодных прафсаюзаў, больш за 87% беларускіх працаўнікоў лічаць, што за апошні год іх матэрыяльнае становішча пагоршылася. А вось улады сьцьвярджаюць адваротнае, і ў якасьці доказу даводзяць, што ў прамысловасьці сярэдні заробак падняўся з 122 да 140 даляраў. На гэта прафсаюзы кажуць пра інфляцыю, якая праглынула доларавы дадатак праз агульнае павелічэньне цэнаў, у тым ліку і на жыльлё.

Дададзім сюды, што становішча ў сталіцы краіны не ідзе ні ў якае параўнаньне з правінцыяй, дзе ўсе паказчыкі дабрабыту амаль ўдвая ніжэйшыя. Што стаіць за гэтымі лічбамі, як складваюцца лёсы людзей і наколькі можа хапіць іх цярплівасьці? Наш карэспандэнт Севярын Квяткоўскі шукае адказы на гэтая пытаньні ў гісторыі канфлікту, які працягваецца ў Мар’інай Горцы:

(Квяткоўскі: ) “У Мар’інай Горцы кіроўцы аўтабазы Пухавіцкага раённага спажывецкага таварыства рыхтуюцца да акцыі пратэсту. Пад адмысловай заявай подпісы паставілі 54 працаўнікі. Яны вінавацяць кіраўніцтва ў парушэньні працоўнага заканадаўства й патрабуюць тэрміновага выпраўленьня сытуацыі.

Паралельна па дапамогу працоўныя зьвярнуліся ў Пухавіцкую філію БСДГ “Народная Грамада”. Патрабаваньні агучвае прадстаўнік “Народнай Грамады” Мікола Ўсьціменка:

(Усьціменка: ) “Адмененыя камандзіровачныя, не выплочваюцца грошы за пагрузачна-разгрузачныя работы, альбо выплочваюцца па вельмі нізкіх коштах. Прафэсійнае майстэрства і індэксацыя працы таксама ня ўлічваюцца. Санітарныя ўмовы працы кіроўцаў вельмі дрэнныя. Няма нават дзе памыць рукі, хаця людзі працуюць з прадуктамі”.

Адзін з колішніх кіраўнікоў аўтабазы ў Мар’інай Горцы, які пажадаў застацца невядомым, наступным чынам тлумачыць сытуацыю: “Усё, што прынята ў калектыўнай дамове, трэба выконваць. Там усё абумоўлена, і індэксацыі, і прафэсійныя надбаўкі, і прэміяльныя. Раз ня плоцяць, гэта парушэньне закону. Але гэта ўжо ўвайшло ў сыстэму. Адно прадпрыемства працуе з прыбыткам, а другое, з таго ж РАЙПО – стратнае. Але ня плоцяць усім разам. Кіраўніцтва базы ў Мар’інай Горцы само нічога зрабіць ня можа, бо выконвае загады з вышэйшай існстанцыі – РАЙПО. Сытуацыя вынікае з таго, што калі да чэрвеня наступнага году прадпрыемства застаецца стратным, яно ліквідуецца – ідзе з малатка. Кіраўнік хоча застацца пры пасадзе. Таму за кошт зьніжэньня заробкаў спрабуюць ня выйсьці ў стратныя прадпрыемствы”.

Адзін з кіроўцаў тлумачыць, што нічога ня ведае пра калектыўную дамову:

(Кіроўца:) “Раней так, але ўжо гады два аніякіх сходаў, аніякіх дамоваў не заключалася. Так вось і працуем. Уявіце самі, атрымаць сто тысяч, і за кватэру аддаць сто тысяч. І за што жыць?”

Калега майго суразмоўцы Андрэй яшчэ на пачатку году атрымліваў да чатырохсот тысяч. Каб зарабіць такую суму, даводзілася працаваць па дванацццаць гадзінаў і без выходных. Жонка Андрэя працуе прадавачкай у краме і зарабляе каля ста тысяч беларускіх рублёў. Разам хапала на ежу для сябе і дваіх дзяцей-школьнікаў, а таксама на аплату камунальных паслугаў. Цяпер атрымлівае ўдвая менш, умовы працы не зьмяніліся, а камунальныя кошты ўзрасьлі. Андрэй і ягоныя калегі доўга ня йшлі на канфлікт з кіраўніцтвам, але далей проста ня бачаць выйсьця. Пакуль на ўсе пытаньні кіраўніцтва аўтабазы адно паціскае плячыма. Маўляў, а што мы зробім – загад ад вышэйшага кіраўніцтва”.

Дарэчы, паводле нашага сёньняшняга эксперта Анатоля Шумчанкі, зараз дастаткова спрыяльнае становішча для змаганьня за правы працоўных. Бо людзі гатовыя для такой барацьбы, і толькі бракуе лідэраў, вартых даверу. А яшчэ адна ўмова, на думку Шумчанкі: барацьба павінна весьціся сваімі сіламі, на свае, а не падараваныя кімсьці грошы, бо тады людзі змогуць запытаць са сваіх лідарэў, на што пайшлі іх унёскі і ці прынесьлі яны вынік.
XS
SM
MD
LG