Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ПРАВА НА ЎЛАСНАЕ ЖЫТЛО


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сяргей Скрабец распавядае пра свае жыльлёвыя ўмовы:

(Скрабец: ) “У мяне трохпакаёвая кватэра ў звычайным панэльным доме. Атрымоўваў я яе недзе ў 89-ым ці 88-ым годзе і плаціў адразу 3 тысячы рублёў. Нашай сям’і гэтай кватэры хапае. А катэджу ці лецішча ў мяне няма”.

Дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца я папрасіў распавесьці пра свае жыльлёвыя ўмовы перад тым як ён пракамэнтуе жыльлёвую праблему, якая дагэтуль застаецца адной з самых балючых праблемаў у Беларусі. Асабісты прыклад Сяргея Скрабца выглядае даволі тыповым. Яму таксама пашанцавала своечасова набыць каапэратыў, хай і за некалькі тысячаў рублёў, якія пры канцы 80-ых гадоў для сярэдняга беларуса былі велізарнымі грашыма. Даводзілася пазычаць у сваякоў і знаёмых, браць крэдыт, ашчаджаць на адпачынку, але ў выніку – засталася кватэра. А таму, хто атрымаў дзяржаўную кватэру па чарзе і пашанцавала яшчэ больш – жыльлё яму дасталося фактычна задарма.

Зараз пра такую дармаўшчыну варта забыць. Бясплатнае жыльлё атрымоўваюць адзінкі – ўсяго некалькі тысячаў малазабясьпечаных сем’яў на ўсю краіну альбо вялікія начальнікі, зьвесткі пра якіх хаваюць як дзяржаўны сакрэт. Каапэратыўнае жыльлё на былых умовах – з адтэрміноўкай на дзесяцігодзьдзі – ужо таксама не будуецца. Толькі першапачатковы ўнёсак для пачатку будаўніцтва кватэры ў жыльлёвым таварыстве складае зараз ад 3 да 5 тысяч даляраў – сярэдняму беларусу, каб зарабіць гэтыя грошы, трэба працаваць 5 гадоў. Але каб засяліцца ў такую кватэру, трэба зрабіць тры, а то то і больш такіх унёскаў. Вось і атрымліваецца сумная статыстыка – за мінулы год нават у Менску, дзе прыбыткі самыя высокія па краіне, толькі 3 тысячы сем’яў справілі навасельле. У чарзе на жыльлё застаецца 130 тысяч чалавек. Па Беларусі гэтая лічба ў 5 разоў большая. Сяргей Скрабец заўважае:

(Скрабец: ) “Быццам гарантавана сацыяльнае жыльлё, але яго амаль няма. У Лідзе, дзе я абраны дэпутам, будуецца вельмі мала. Нават для інвалідаў тое, што патрабуе закон, гарвыканкам не выконвае”.

Дэпутат Сяргей Скрабец пацьвярджае, што жыльлёвыя пытаньні – самыя распаўсюджаныя зь ліку тых, зь якімі ідуць да дэпутатаў. І, паводле Сяргея Скрабца, усё часьцей людзі скардзяцца на кіраўнікоў, якія несправядліва размяркоўваюць жыльлё альбо робяць з жыльлём розныя махінацыі. Высновы дэпутата ілюструе гісторыя, пра якую наш карэспандэнт Міхал Стэльмак даведаўся ў Жодзіна. Там у жыльлёвую спрэчку ўступілі не суседзі па камунальнай кухні, а працоўная сям’я і славутае аб’яднаньне БелАЗ.

(Стельмак: ) “Канфлікт Папельскіх і БелАЗу доўжыцца 5 гадоў. Спрэчка жыхароў Жодзіна і мясцовага прадпрыемства тычыцца жыльля. Распавядае Алена Папельская, маці дваіх дзяцей, бацька якіх Пятро Папельскі 10 гадоў адпрацаваў на заводзе:

(Папельская: ) “БелАЗ узяў і разам зь людзьмі зрабіў інтэрнатам дом, у якім мы жылі. І ўжо рэканструяваў дом як інтэрнат. А паколькі ў інтэрнаце жылі людзі, то іх высялялі на вуліцу. Я стала абурацца, што мяне высяляюць”.

Рэч у тым, што гэтая сям’я мае ордэр на кватэру, у якой яна жыла. Такія ж ордэры мелі і ўсе астатнія жыхары жодзінскага дому №12 па праспэкце Міру. Аднак канфліктаваць зь БелАЗам яны не адважыліся і таму пайшлі насустрач яго адміністрацыі, пагадзіўшыся, што жылі ў інтэрнаце. Адмовілася пайсьці на саступку толькі сям’я Папельскіх. Бо пражываньне ў інтэрнаце, паводле заканадаўства, не дае падставаў для атрыманьня сталага жыльля. Таму Папельскія вырашылі ў судзе даказаць, што жылі ў кватэры, якой аўтазавод іх зьбіраецца пазбавіць. За пяць гадоў змаганьня зь БелАЗам адбыліся дзясяткі паседжаньняў судоў розных інстанцыяў. Адны зь іх прымалі рашэньні на карысьць Папельскіх, другія лічылі, што праўда за БелАЗам. Зараз Вярхоўны суд накіраваў гэтую спрэчку на новы разгляд. У Менскай абласной філіі Саюзу юрыстаў лічаць, што на баку Папельскіх – закон, а на баку БелАЗу – чыноўніцкая моц. Адвакатка жодзінскай сям’і Сьвятлана Гарбаток заявіла нашаму Радыё, што БелАЗ ня мае дакумэнтальных доказаў сваёй пазыцыі. А вось Папельскія маюць. Між іншым, на судовых паседжаньнях па гэтай справе неаднаразова гучала, што справакаваў канфлікт былы намесьнік генэральнага дырэктара БелаАЗу Ўладзімер Лойка. Паводле дакумэнтаў, менавіта ён ініцыяваў зьмену статусу жодзінскага дома – з кватэрнага ў інтэрнат. Зараз спадар Лойка – дэпутат Палаты прадстаўнікоў, які займаецца пытаньнямі жыльлёвага заканадаўства. А тым часам сям’я Папельскіх рыхтуецца да чарговага судовага паседжаньня. Падтрымаць яе прыходзяць сваякі і сябры жодзінцаў. У іх ліку і Соф’я Міхейчык:

(Міхейчык: ) “Гэта – свавольства. Я маці траіх дзяцей, у мяне восем унукаў. Гадавала іх і ніколі ня думала, што гэта з судамі давядзецца ўбачыць такое. Пяць гадоў свавольства. Але закон сёньня на яе баку”.

Паводле адзной з вэрсыяў, якой падзяліўся наш карэспандэнт, магчыма, што зьмяніць статус дома з жылога на інтэрнат спратрэбілася дзеля таго, каб схаваць сьляды нейкіх махінацыяў з кватэрамі, якія належаць прадпрыемству. Дэпутат Сяргей Скрабец заўважае, што сёньняшняе заканадаўства дазваляе рабіць такія трансфармацыі, абыходзячы інтарэсы пэўных жыльцоў. Паводле Сяргея Скрабца дэпутацкая група “Рэспубліка”, якую ён узначальвае, адмыслова вывучае гэтыя праблемы і рыхтуе прапановы па рэфармаваньні заканадаўства.
XS
SM
MD
LG