Сябры Артура Фінькевіча зьбіраліся сустракаць яго ўвечары са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна ў Менску. Нагадаем, хлопец адседзеў 15 сутак за распаўсюд улётак падчас канцэрту “NRM”. Ва ўлётках быў заклік прыйсьці на плошчу Якуба Коласа на акцыю пад лёзунгам: “Не — трэцяму рэфэрэндуму!”. Тэрмін пакараньня мусіў скончыцца а сёмай гадзіне вечара. Але днём у спэцпрыёмнік прыехалі міліцыянты з аддзелу міліцыі Ленінскага раёну і адвезьлі Артура ня ў свой аддзел, а ў Савецкі.
Высьветлілася, што міліцыянты згадалі, як на пачатку кастрычніка затрымалі хлопца на плошчы Якуба Коласа за распаўсюд аналягічных улётак. Тады яны склалі пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак, улёткі забралі, а Артура адпусьцілі. Цяпер яны склалі новы пратакол паводле сумнавядомага 167-га артыкулу. Кіраўніцтва ім растлумачыла, што згодна з новым законам аб масавых мерапрыемствах можна караць толькі за заклік да акцыі, на якую яшчэ няма дазволу.
У Савецкім судзе хутка разгледзелі міліцэйскі пратакол і Артура зноў арыштавалі яшчэ на 15 сутак. Назіральнікі адзначаюць, што суд парушыў дзейнае заканадаўства, паводле якога нельга двойчы караць за адно і тое ж правапарушэньне. Артур у судзе трымаўся спакойна, нягледзячы на тое, што не чакаў такога павароту справы. Вось як сам Артур пракамэнтаваў прысуд:
(Фінькевіч: ) “Я ацэньваю гэта як беспраўе, беспраўе і беспраўе. Што тут яшчэ можна сказаць? Была магчымасьць дачапіцца, вос яны і дачапіліся. Можа яны бачаць ува мне якую-небудзь пэрспэктыву. Канечне, я буду працягваць барацьбу. Наадварот, я пачаў ставіцца да гэтага больш сур’ёзна. Наадварот, працягваць, працягваць і дасягаць мэты дзяржаўнай незалежнасьці”.
Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец лічыць, што ўлады хочуць судовымі рэпрэсіямі задушыць моладзевы рух:
(Севярынец: ) “Чалавек, які ня ўдзельнічаў у акцыі, а толькі распаўсюджваў улёткі, будзе сядзець месяц. Канечне, гэта зьдзек і з маладога хлопца, зьдзек з грамадзтва і зьдзек з самога закону. Нават я, калі мне паведамілі пра гэта, прыбег у суд, а працэс ужо ішоў. Пасьпеў толькі павітацца з хлопцам, сказаць яму, каб трымаўся — і яго завезьлі. Значыць, настолькі балючая для рэжыму гэтая ідэя трэцяга тэрміну, настолькі ўлады “дастаў” Малады Фронт, так спалохаў іх грузінскі варыянт, — што гатовыя “мачыць” моладзь без усялякіх правілаў. Але мы рыхтуемся да вясны. Там паглядзім — хто каго”.
Артур Фінькевіч цягам году трэці раз сядзіць у сумнавядомай установе. Першы — за Дзень сьвятога Валянціна, другі — за сьвяткаваньне Дня Волі. Гэтым разам яго трымалі ў суседняй са Зьмітром Дашкевічам камэры. Праз калідор насупраць сядзяць Васіль Парфянкоў і Аляксандар Запартыка. Артуру ў калідоры давялося ўбачыцца са Зьмітром, і той спытаў, што прынесьці ў перадачы, бо ён хутка выходзіць на волю. Так сталася, што цяпер Зьміцер сам панясе свайму сябру перадачу.