Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ СЯДЗЯЦЬ ЗА КРАТАМІ 48 ТЫСЯЧ ЧАЛАВЕК. ЦІ СТАНЕ ЗЬНЯВОЛЕНЫХ МЕНШ?


Юры Сьвірко, Менск

Канфэрэнцыю арганізавалі Камітэт выкананьня пакараньняў беларускага Міністэрства ўнутраных справаў, Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ ды офіс гэтай арганізацыі ў Менску, Амэрыканская асацыяцыя юрыстаў і маскоўскае прадстаўніцтва арганізацыі “Міжнародная турэмная рэформа”.

Паводле зьвестак Усясьветнага сьпісу насельніцтва турмаў (World Prison Population List), Беларусь займае трэцяе месца ў сьвеце паводле колькасьці зьняволеных у разьліку на 100 тысяч чалавек насельніцтва. У Расеі гэты паказьнік складае 690 чалавек, у ЗША — 680, а ў Беларусі — 554. Таму Беларусь ёсьць прадметам інтарэсу розных міжнародных праваабарончых арганізацыяў, якія зацікаўленыя зьменшыць гэтыя лічбы.

Гаворыць кіраўніца аддзелу вяршэнства закону БДІПЧ АБСЭ Сынтыя Элкан:

(Элкан: ) “Мы маем праект, які працягваецца, у справе альтэрнатыўнага пакараньня тут у Беларусі. Ён распачаўся раней сёлета і фінансуецца Эўрапейскай камісіяй”.

Адметна, што беларускія ўлады паведамляюць пра зьмяншэньне колькасьці людзей за кратамі. У 2001 годзе зьняволеных у Беларусі было 56 тысяч. Выступаючы на цяперашняй сэсіі Палаты прадстаўнікоў, міністар унутраных справаў Беларусі Ўладзімер Навумаў заявіў, што ў сьледчых ізалятарах і месцах пазбаўленьня волі трымаюць 52 тысячы чалавек.

А на міжнароднай канфэрэнцыі прадстаўнікі Камітэту выкананьня пакараньняў агучылі іншыя лічбы, кажа выканаўчы дырэктар Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак:

(Гулак: ) “Пры тым, што турмы разьлічаныя на 32 тысячы зьняволеных, там знаходзіцца 39. Плюс 9 тысяч у СІЗА. Усяго атрымліваецца 48 тысяч”.

Пра колькасьць і прозьвішчы палітычных зьняволеных у Беларусі на канфэрэнцыі пакуль ня згадвалі.

(Гулак: ) “Тэмы палітычных прысудаў, канечне, тут чапляць ня будуць, бо гэта не адносіцца да непасрэднай тэмы гэтай канфэрэнцыі. І якраз таму яна стала магчымая, гэтая канфэрэнцыя. Жыцьцё нашмат больш шматграннае, чым толькі праблема палітычных перасьледаў, і церпяць ад такой сыстэмы пакараньня і тыя людзі, якія трапілі ў месцы зьняволеньня, і грамадзтва ў цэлым”.

Прадстаўніца БДІПЧ АБСЭ Сынтыя Элкан у інтэрвію Радыё Свабода зазначыла, што нядаўнія зьмены ў беларускіх Крымінальным і Крымінальна-працэсуальным кодэксах міжнародную супольнасць не задавальняюць.

(Элкан: ) “Як і ўсе постсавецкія краіны, Беларусь, вядома, мае шмат зрабіць што да сваёй турэмнай сыстэмы, прывядзеньня Крымінальна-працэсуальнага і Крымінальнага кодэксаў да адпаведнасьці міжнародным стандартам. Сёньня была дыскусія паміж некалькімі беларускімі прадстаўнікамі, якія прызналі, што трэба паляпшаць такія рэчы як выдача санкцыяў на арышт і вырашэньне пытаньня, ці трэба каму-небудзь знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў чаканьні суду. Гэта, паводле міжнародных стандартаў, вызначае судзьдзя, але паводле беларускага закону парадак пакуль іншы”.

Палата прадстаўнікоў ужо ўхваліла ў першым чытаньні закон аб амністыі, паводле якога на волю змогуць выйсьці больш за 5 тысяч зьняволеных. Амністыю хочуць прымеркаваць да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі. Гэта будзе ўжо трэцяя амністыя за апошнія тры гады, калі ня ўлічваць зьмены ў Крымінальным і Крымінальна-працэсуальным кодэксах, якія дазволяць перагледзець прысуды прыблізна 10 тысячам асуджаных і выпусьціць іх на волю. Улады плянуюць зьмяншаць колькасьць зьняволеных на 5 тысяч штогоду.
XS
SM
MD
LG