Асноўнай прычынай таму ёсьць заніжанае пачуцьцё годнасьці й сацыяльная залежнасьць жанчын ад сваіх мужоў. А таксама — адсутнасьць практычнай дапамогі гэтым жанчынам з боку дзяржаўных органаў.
Афіцыйная статыстыка праваахоўчых органаў сьведчыць, што кожны год колькасьць жанчын, якія церпяць ад гвалту, павялічваецца на 14%. Прычым гэтыя злачынствы становяцца ўсё больш жорсткія: зьбіцьцё, калецтвы і нават забойствы. Толькі сёлета ў пабытовых сварках былі забітыя 58 жанчын.
Чыноўнікі прызнаюць існаваньне гэтай праблемы, аднак заяўляюць, што яе вырашэньне ў асноўным залежыць ад саміх пацярпелых жанчын. Вось што ў інтэрвію нашаму радыё сказала прадстаўніца ўправы гендэрных праблемаў Міністэрства сацыяльнай абароны Ірына Чуткова:
(Чуткова: ) “Залежыць і ад таго, каб людзі прыходзілі з гэтымі праблемамі ў праваахоўчыя органы. Тады ім будзе прасьцей даказваць, што такая праблема існуе, і зь ёй неяк трэба працаваць”.
Статыстыка афіцыйных дасьледаваньняў і рэальнага становішча ў справе гвалту над жанчынамі вельмі моцна адрозьніваецца. І асноўнымі прычынамі — чаму жанчыны не спрабуюць сябе абараніць — ёсьць маральная прыгнечанасьць жанчын і грувасткі мэханізм прававой і практычнай дапамогі з боку дзяржаўных органаў. Гаворыць юрыст праваабарончага цэнтру Беларускі Хэльсынскі камітэт Гары Паганяйла:
(Паганяйла: ) “Складаная сыстэма даказваньня: трэба прайсьці мэдычную экспэртызу, сабраць сьведчаньні. А, як правіла, гэта здарэньне адбываецца сам-насам. І галоўнае тое, што жанчыны саромеюцца абнародаваць прыклады гвалту. Яны так самі выхаваныя ў гэтым прыніжэньні: жонка ды ўбаіцца мужа”.
Праблемай гвалту над жанчынамі ва ўсім сьвеце займаюцца адмысловыя арганізацыі, якія ўтрымлівае дзяржава. У Беларусі ёсьць толькі адзін такі крызысны цэнтар, створаны пры падтрымцы міжнародных дабрачынных арганізацыяў. Ягоная кіраўніца Тацяна Шыла кажа, што ахвотныя адкрыць такія цэнтры ёсьць і ў іншых буйных цэнтрах Беларусі, аднак гэтаму перашкаджае сама дзяржава. Гаворыць Тацяна Шыла:
(Шыла: ) “У нас вельмі складаная рэгістрацыя грамадзкіх арганізацыяў. Гэта каштуе грошай, па-першае. Па-другое, гэта каштуе грошай, і сама працэдура рэгістрацыі даволі доўгая. Натуральна, што ня ўсе гэта могуць сабе дазволіць”.
Адмылоўцы спадзяюцца, што цяперашняе становішча дапаможа выправіць закон “Аб папярэджаньні хатняга гвалту”, праект якога распрацаваны ў краіне. Аднак гэты дакумэнт нават не патрапіў на разгляд Палаты прадстаўнікоў і цяпер на зацьверджаньні адмысловых міністэрстваў і ведамстваў. Прагназаваць ягоны лёс пакуль не бярэцца ніхто.