Ініцыятыва аб умоўна датэрміновым вызваленьні Віктара Івашкевіча зыходзіла ад адміністрацыі Баранавіцкай папраўчай установы адкрытага тыпу, дзе журналіст адбывае пакараньне. Адпаведная папера яшчэ на пачатку кастрычніка была накіраваная ў Берасцейскі абласны камітэт выкананьня прысудаў. Падставай да такога кроку сталі добрыя паводзіны спадара Івашкевіча падчас ягонага знаходжаньня на “хіміі” ды адсутнасьць заўваг з боку адміністрацыі. Берасьцейскія ўлады, аднак, палічылі вызваленьне “нямэтазгодным”.
Сам Віктар Івашкевіч кажа, што для яго гэтая фармулёўка прымальная, толькі “нямэтазгоднасьць” ён бачыць па-свойму:
(Івашкевіч: ) “Па вялікім рахунку, я так падумаў: і дзякуй богу. Ніхто ж ня ведае, што будзе з намі далей, як палітычнае жыцьцё будзе разьвівацца. Можа, чарговы раз давядзецца за што-небудзь сядзець, і тое, што ты не карыстаўся гэтым датэрміновым вызваленьнем, дае магчымасьць скарыстацца гэтым у пэрспэктыве. А калі раптам адбыўся рэцыдыў, то другі раз гэтага не прымяняюць. Таму я нават і ўдзячны абласному начальству, якое не паставіла мяне ў такія складаныя ўмовы, а дало мне магчымасьць спакойна выйсьці на волю безь якіх-небудзь абавязкаў перад уладай”.
Паколькі ў сувязі зь сёлетняй агульнай амністыяй спадару Івашкевічу зьменшылі тэрмін пакарання на адзін год, на волю ён павінен выйсьці 16 сьнежня.