Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКЦЫЯ МФ “НЕ – ТРЭЦЯМУ РЭФЕРЭНДУМУ!” БЫЛА РАЗАГНАНАЯ АМОНАМ, АРЫШТАВАНЫЯ НЕПАЎНАГАДОВЫЯ

Любоў Лунёва, Менск

Затрыманьні пачаліся яшчэ да пачатку акцыі. Некалькі чалавек міліцыянты прэвэнтыўна затрымалі ля трамвайнага прыпынку. Іх пасадзілі ў аўтобус і праз гадзіну адвезьлі ў аддзел міліцыі Савецкага раёну.

На плошчы Якуба Коласа апроч маладафронтаўцаў было некалькі дзясяткаў міліцыянтаў у форме і столькі ж у цывільным. Калі Зьміцер Дашкевіч са сваімі паплечнікамі зьвярнуліся да прысутных, міліцыянты акружылі ўсіх жывым ланцугом.

Маладафронтаўцы абвясьцілі, што пойдуць па праспэкце Скарыны і крочылі літаральна некалькі мэтраў ў бок плошчы Перамогі. Насустрач ім выбеглі амонаўцы. Яны хапалі кожнага, хто трапляўся ім на шляху. Некаторых павалілі нават на зямлю, а потым цягнулі ў аўтобус і “варанкі”.

Пасьля гэтага пачалася так званая “зачыстка”. Усяго ў пастарунку міліцыі знаходзілася 17 чалавек. 9 – непаўнагадовыя, і толькі 6 чалавек дарослыя. Яўген Скочка паведаміў міліцыянтам, што на акцыі ён прысутнічае ў якасьці журналіста і нават паказаў пасьведчаньне. Але яго затрымалі на загад намесьніка кіраўніка Савецкага РУУС’у Яўгена Гуранкова. Спадара Скочку пратрымалі каля трох гадзінаў у пастарунку, але потым адпусьцілі.

Аксану Новікаву таксама адпусьцілі. На яе склалі пратакол паводле 167 артыкулу часткі другой. За гэта прадугледжана пакараньне вялізным штрафам, альбо арышт ад 10 да 15 сутак. Нагадаем, што Аксану Новікаву раней пакаралі ўмоўна паводле артыкулу за паклёп на прэзыдэнта. Так што з дарослых засталіся тры чалавекі – Зьміцер Дашкевіч і яшчэ два ўдзельнікі акцыі. Зьміцера Дашкевіча адвезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна. Там, дарэчы, адбывае арышт Артур Фінкевіч за распаўсюд улётак пад час канцэрту “NRM”. Хлопца арыштавалі на 15 сутак толькі за тое, што ва ўлётках быў заклік прыйсьці на плошчу Якуба Коласа.

Заўтра затрыманых будуць судзіць у судзе Савецкага раёну. Хутчэй за ўсё Зьміцера Дашкевіча арыштуюць, бо ён ужо ня першы раз трапляе ў рукі міліцыянтаў. Астатніх – невядома. Але нават, калі яны ў судзе будуць настойваць на тым, што выпадкова трапілі на плошчу, ім усё роўна дадуць якое-небудзь пакараньне. І гэта толькі таму, што ў іншым выпадку міліцыянты будуць несьці адказнасьць за незаконнае затрыманьне. А справы непаўнагадовых накіруюць у камісію пры выканкаме. Зразумела, што адначасова школьнікаў паставяць на ўлік як правапарушальнікаў.

Яўген Скочка лічыць, што такі разгон і арышты ёсьць ні што іншае, як страх і гістэрыя на падзеі ў Грузіі. Наагул, улады заўсёды нэрвова рэагуюць менавіта на моладзевыя акцыі. Так было і два гады таму, 12 лістапада. Тады выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек пад лёзунгамі: “Любові! Пераменаў!”. Улады задзейнічалі АМОН, салдат і нават службовых сабак. Потым акцыя “Так жыць нельга!”. Яе таксама жорстка разагналі, бо сярод удзельнікаў большасьць складалі студэнты. Менавіта моладзь больш жорстка караюць і ў судах. Гэта зразумела, бо за ёй будучыня.
XS
SM
MD
LG