Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЯВОНАВУ ПАГРАЖАЕ 12 ГАДОЎ ЗЬНЯВОЛЕНЬНЯ З КАНФІСКАЦЫЯЙ МАЁМАСЬЦІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

20 лістапада прадстаўнік пракуратуры Беларусі Алег Шандаровіч завяршыў сваю заключную прамову на працэсе па справе Міхаіла Лявонава просьбай прызнаць экс-дырэктара Менскага трактарнага заводу вінаватым паводле ўсіх вылучаных супраць яго абвінавачаньняў. Пракурор папрасіў суд прызначыць Лявонаву пакараньне 12 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці й забаронай яшчэ пяць гадоў займаць кіраўнічыя пасады.

Да маёмасьці Лявонава, якая падлягае канфіскацыі (а гэта грашовыя сродкі ў беларускіх банках прыкладна на 10 тысяч даляраў, электратэхніка, паляўнічая стрэльба і аўтамабіль “Крайсьлер” ) пракурор Шандаровіч папрасіў суд далучыць грошы на замежных рахунках, якія Лявонаў нібыта адкрыў для жонкі Алены, дачок Вольгі й Алесі. Паводле зьвестак пракуратуры, якія нібыта пацьверджаныя “Камэрцбанкам” з Франкфурту, на гэтых рахунках ляжыць па 209 тысяч эўра. Дзе астатнія пад 20 мільёнаў даляраў, якія паводле пракуратуры праз махінацыі на МТЗ накраў Міхаіл Лявонаў, сьледзтва дагэтуль ня высьветліла.

Сьпіс злачынстваў, у якіх вінаваты Міхаіл Лявонаў, паводле пракуратуры, дапаўняюць таксама атрыманьне хабару, нявыплата падаткаў, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць, легалізацыя злачынных прыбыткаў. Прадстаўнік пракуратуры сьцьвярджаў, што даказаць апошняе сьледзтву дапамаглі ў тым ліку прадстаўнікі нямецкага “Камэрцбанку”, якія нібыта паводле сваёй ініцыятывы далі зьвесткі аб падазроных на іх погляд апэрацыях з грашыма на рахунку Міхаіла Лявонава.

Міхаіл Лявонаў у перапынку назваў гэтыя зьвесткі “дэтэктывам у стылі 1937 году”. З апошнім словам ён выступіць хутчэй за ўсё на пачатку наступнага тыдня, а заўтра 21 лістапада ў спрэчку з прадстаўнікамі пракуратуры ўступяць адвакаты былога дырэктара МТЗ.
XS
SM
MD
LG