Паводле пастановы Савету Міністраў, супрацоўнікі праваахоўчых органаў, адвакаты і натарыюсы, якія самі звольніліся з працы, альбо тыя, каго звольнілі з прычыны скарачэньня штатаў ці за дысцыплінарныя парушэньні, пяць гадоў ня маюць права атрымаць ліцэнзію, каб працаваць у недзяржаўным сэктары. Супрацоўнікаў пракуратуры, якія хочуць звольніцца з працы, не дапускаюць да здачы экзамэнаў на атрыманьне адвакацкай ліцэнзіі.
Былы кіраўнік Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб, які шмат гадоў адпрацаваў у праваахоўчых органах, лічыць, што гэтая пастанова Савету Міністраў ёсьць забаронай на прафэсію і парушэньнем правоў чалавека:
(Грыб: ) “Амаль год я працаваў у адвакатуры менскай гарадзкой калегіі адвакатаў. У 1997 годзе ў мяне адабралі ліцэнзію згодна з дэкрэтам №12. Калі разглядаць гэтую пастанову, трэба адзначыць, што гэтыя захады ёсьць забаронай на прафэсію. Як гэта можна забараніць чалавеку, які звольніўся з органаў пракуратуры, ці з суду на сваё ўласнае жаданьне, уступаць у спаборніцтва, здаваць экзамэны на атрыманьне ліцэнзіі для адвакацкай дзейнасьці?! З другога боку, наша беларуская адвакатура жадае мець такі статус, каб не дапускаць туды чужога збоку”.
На думку былога намесьніка старшыні Канстытуцыйнага суду Валерыя Фадзеева, урадавая пастанова мае дыскрымінацыйны характар і скіраваная на тое, каб утрымаць людзей на працы ў дзяржаўным сэктары:
(Фадзееў: ) “Ня могуць атрымліваць ліцэнзіі тыя асобы, якія з дня накіраваньня заявы на экзамэны і з дня атрыманьня ліцэнзіі займалі пасады, час працы на якіх залічваецца ў стаж дзяржаўна службы. Такой забароны няма ў законе аб дзяржаўнай службе. А згодна з Канстытуцыяй, правы грамадзянаў могуць быць абмежаваныя толькі законам. Што тычыцца таго, якія мэты пастановы, то як аргумэнт можа быць успрынята тое, што выказалі ўжо некаторыя дзяржаўныя службоўцы — што гэта спроба прывязаць дзяржаўных служачых да сваіх пасадаў”.
Сёлета амаль усіх супрацоўнікаў у галіне юрыспрудэнцыі перавялі на кантрактныя дамовы. У выніку яны трапілі ў большую залежнасьць ад свайго кіраўніцтва. Пастанова Савету Міністраў аб ліцэнзаваньні закрывае шляхі ў прыватны сэктар. Канстытуцыйны суд пакуль не адрэагаваў на ўрадавую пастанову.