Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДВАКАТКА СТРАМКОЎСКАЯ БУДЗЕ БАРАНІЦЬ ЗАТРЫМАНЫХ КІРАЎНІКОЎ “УНІДРАГМЕТУ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Вядомая адвакатка Вера Страмкоўская нанятая абараняць намесьніка дырэктара “Унідрагмету БДУ” Вячаслава Саньнікава. Сёньня яна ўручыла прадстаўнікам сьледзтва адпаведныя дакумэнты і сустрэлася з падабаронным. Як высьветліла Вера Страмкоўская, сьледчыя ўжо правялі допыт, але, паводле абаронцы, гэты допыт здольны хутчэй заблытаць аб’ектыўнае сьледзтва.

(Страмкоўская: ) “Ён спрабаваў сьледчаму ўсё патлумачыць, упарадкаваць, але выглядала гэтак, што ён кажа адно, а сьледчы зусім у іншым кірунку пытаньні задае”, — распавяла Вера Страмкоўская.

Паводле яе, прэтэнзіі сьледчых грунтуюцца на несупадзеньні паміж вагой золата, якое рэальна вярталася зь Нямеччыны пасьля ачысткі, і той вагой, якая плянавалася ад пачатку. Але насамрэч гэтыя несупадзеньні ёсьць аб’ектыўнай зьявай і тлумачацца тэхналягічнымі прычынамі.

Сьледчыя, паводле Веры Страмоўскай, не валодалі ўсімі дакумэнтамі, якія гэта могуць засьведчыць, але сёньня такія дакумэнты ім ужо прад’яўленыя.

(Страмкоўская: ) “Цяпер гэтыя дакумэнты ўжо ёсьць, мы іх знайшлі й аднесьлі туды. Такім чынам, я лічу, што няма падставаў нават абвінавачаньне людзям прад’яўляць. Няма!”

Пры гэтым Вера Страмкоўская заўважае, што сьледчыя са сьледчага камітэту пры Міністэрстве ўнутраных справаў маглі самі знайсьці гэтыя дакумэнты, але чамусьці гэтага не зрабілі. У гэтай сувязі адвакатка згадвае другую вядомую справу, якую таксама распачыналі падначаленыя кіраўніка сьледчага камітэту Леаніда Глухоўскага:

(Страмкоўская: ) “Мне гэта вельмі нагадвае той сцэнар, які разьвіваў той самы сьледчы камітэт у справе Васіля Старавойтава, з тым самым інфармацыйным забесьпячэньнем. Па тэлебачаньні тады таксама абвесьцілі вінаватых ды паказалі дом Старавойтава, які насамрэч ніколі яму не належаў”.

Вера Страмкоўская, аднак, не бярэцца камэнтаваць вэрсіі пра тое, што справу супраць кіраўнікоў “Унідрагмету БДУ” завялі нібыта дзеля таго, каб паквітацца з былым рэктарам БДУ Аляксандрам Казуліным. Яна толькі заўважае, што ад пачатку ў справе “Расьсьвету” таксама фігуравалі толькі кіраўнікі падпарадкаваных Старавойтаву арганізацыяў, а потым на лаве падсудных апынуўся і славуты старшыня.

Вера Страмкоўская распавяла пра умовы, у якіх утрымліваецца яе падабаронны Вячаслаў Саньнікаў. Паводле яе, яго трымаюць у камэры, дзе на адным ложку сьпяць па чарзе тры чалавекі. На шпацыры яго не выводзяць, гарачую ежу ён атрымлівае толькі раз на дзень. Пры гэтым у 60-гадовага Вячаслава Саньнікава язва страўніка і хвароба сэрца.
XS
SM
MD
LG