(Шаўцоў: ) “Людзі ня хочуць пра гэта думаць. Яны хочуць думаць, нібыта ўсё скончылася, бо мінула амаль 20 гадоў. Але нічога ня скончылася. Яны па-ранейшаму жывуць на тэрыторыі, дзе працягваецца катастрофа.”
Дырэктар Цэнтру вывучэньня праблемаў эўрапейскай інтэграцыі Юры Шаўцоў вядомы ў Беларусі таксама дзякуючы сваім дасьледваньням сацыяльных і палітычных праблемаў Чарнобыля. Ён часта бывае на пацярпелых ад Чарнобыля тэрыторыях і занепакоены сёньняшнім становішчам з грамадзянскімі правамі людзей, якія там жывуць.
Паводле Юрыя Шаўцова, гэтае становішча за апошнія гады пагоршылася. Дасьледчык адзначае, што ў чарнобыльсктх раёнах (у параўнаньні зь сярэднімі па Беларусі) пагоршыліся паказчыкі здароўя і працягласьці жыцьця, ніжэйшым стаў адукацыйны ўзровень, большым беспрацоўе, меншымі прыбыткі.
Усё гэта сьведчыць пра тое, што дзяржава не забясьпечвае асноўных сацыяльных правоў грамадзянаў, якія гарантаваныя Канстытуцыяй, лічыць Юры Шаўцоў. Ён абураецца і тым фактам, што была закрытая праграма перасяленьня з пацярпелых раёнаў. Улада абвесьціла, што быццам усе, хто хацеў выехаць зь небясьпечных земляў, зь іх ужо выехалі. Але насамрэч гэта ня так. Больш за дзьве тысячы чалавек працягваюць чакаць літасьці ад чыноўнікаў. Гэтай праблеме прысьвяціў свой рэпартаж наш гомельскі карэспандэнт Казімер Яноўскі.
(Яноўскі: ) “Летась урад адмысловай пастановай перавёў амаль 250 моцна забруджаных радыяцыяй вёсак і райцэнтраў Гомельскай вобласьці з катэгорыі “моцна забруджаныя” ў больш чыстыя. Такім чынам, многія жыхары рэгіёну страцілі права на аздараўленьне і адсяленьне. Аднак і пасьля гэтага звыш 1,200 сямей усё яшчэ ня могуць пакінуць свае радыяцыйныя паселішчы з прычыны адсутнасці жытла на чыстых тэрыторыях.”
Распавядае жыхарка забруджанай вёскі Крутое Чачэрскага раёну Лідыя Кісялёва.
(Кісялёва: ) “Во чакаю кватэру. Дык пакуль атрымаем, то я магу ў магілу сыйсьці. Я магу дажыць, а магу і не.”
Некаторыя вяскоўцы чулі пра перавод вёсак з “брудных” у “чыстыя”, і цяпер, нават маючы права да перамены месца жыхарства, ставяцца зь недаверам да дзяржаўных захадаў. Пэнсіянэр Віктар Сімахоў сказаў:
(Сімахоў: ) “Гэтую кватэру перш, чым атрымаеш, 20 гадоў пройдзе. Пастанова ё не даваць кватэраў – усё! Куды ня пішы, куды не крычы – усё ўжо.”
Загадчыца аддзелу абароны насельніцтва ад наступстваў Чарнобылю Чачэрскага райвыканкаму Валянціна Хадановіч удакладніла, колькі яшчэ сем’яў і зь якіх вёсак чакаюць перасяленьня.
(Хадановіч: ) “На тэрыторыі Чачэрскага раёну знаходзіцца яшчэ 8 населеных пунктаў у зоне адсяленьня з узроўнем забруджваньня 15-40 кюры. Гэта Аляксееўка, Навухавічы, Сойкі, Рудня Дудзіцкая, Мядзьведзева, Крутое, Будзішча, Залаўе. Жывуць у гэтых вёсках 77 сем’яў. Маюць права на адсяленьне 65 сем’яў, агулам 102 чалавекі. Яны жылі ў забруджаных вёсках на момант прыняцьця закону. Пераважна гэта людзі састарэлага ўзросту. Зь іх 46 сем’яў, 57 чалавек, падалі заявы на адсяленьне.”
Амаль такая самая сытуацыя зь перасяленьнем назіраецца і ў іншых так званых чарнобыльскіх раёнах. У Камчарнобылі тлумачаць, што на будаўніцтва жытла на чыстых тэрыторыях бракуе грошай. У чарнобыльскага ліквідатара Аляксандра Сямкова зь вёскі Крутое свой погляд на сытуацыю.
(Сямкоў: ) “Дзяржава падманула, і ўсё тут. Начальнікі паатрымлівалі пасьведчаньні, якія там і ня былі.”
Сапраўды, шмат у справе абароны людзей ад наступстваў Чарнобыля залежыць ад дзяржавы, пагаджаецца Юры Шаўцоў. Ён адзначае аднак і той факт, што многія жыхары пацярпелых раёнаў самі недастаткова клапоцяцца пра сваю бясьпеку. Вось якімі назіраньнямі падзяліўся Юры Шаўцоў.
(Шаўцоў: ) “У звычайнай чарнобыльскай вёсцы, калі памерыць радыяцыю ў арганізмах жыхароў, то атрымаецца розьніца ў 6 а то і 10 разоў паміж тымі, у каго радыяцыі сама болей і тымі, ў каго сама меней. І абумоўленая гэтая розьніца не сацыяльным станам, не адукацыйным узроўнем, а выключна стаўленьнем да элемэнтарных правілаў радыяцыйнай бясьпекі. У старшыныні калгасу можа быць неверагодены ўзровень, а ў звычайнай даяркі – як у Менску.”
Юры Шаўцоў перакананы, што грэбаваньне элемэнтарнымі правіламі бясьпекі ад наступстваў Чарнобыля прыводзіць да стратаў на усіх узроўнях. Калі чыноўнікі цяпер эканомяць сродкі, зацягваючы адсяленьне тысячы сем’яў з чарнобыльскіх раёнаў, то ў далейшым прыйдзецца шукаць вялікія грошы на лячэньне хворых людзей, заўважае экспэрт.