Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КГБ ВЭРБУЕ ДЭПУТАТА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дырэктару прыватнай турыстычнай фірмы Алесю Міхалевічу 28 гадоў. Ён старшыня менскай абласной арганізацыі партыі Беларускага Народнага Фронту. Сёлета Міхалевіч быў абраны дэпутатам Пухавіцкага райсавету менавіта як прадстаўнік Партыі БНФ. Нядаўна яго запрасіў на размову ў кавярню чалавек, які назваўся супрацоўнікам КГБ Сяргеем.

(Міхалевіч: ) “Спачатку зь ягонага боку былі прапановы. Асноўная прапанова была наступная — паспрыяць у правядзеньні маіх выбараў, бо ён ведае пра мае пляны вылучацца ў Палату прадстаўнікоў. Маўляў, ад майго адказу будзе залежаць іх пазыцыя, дапамогуць яны ці не. А потым пайшлі мяккія пагрозы, маўляў, усе людзі не без грахоў, ва ўсіх ёсьць праблемы”.

Паводле Міхалевіча, супрацоўнік КГБ Сяргей не хаваў сваёй мэты. У тым ліку яго цікавіла, якім чынам апазыцыя вырашае свае фінансавыя праблемы.

(Міхалевіч: ) “Яны ведаюць пра мае частыя паездкі за мяжу і прапаноўваюць мне поўнае спрыяньне ў прывозе грошай у Беларусь. Яны, маўляў, зацікаўленыя, каб гэта ўсё ішло да мяне і больш ні да каго іншага”.

Дэпутат адмовіўся ад супрацоўніцтва, бо лічыць для сябе гэта недапушчальным з маральных прынцыпаў. Між тым, застаецца пытаньне, ці дапушчальна паводле закону вэрбаваць грамадзянаў, а тым больш дэпутатаў для супрацоўніцтва з КГБ? У самім КГБ на гэтае пытаньне мне не адказалі. Прэсавы сакратар Аляксандар Базанаў заявіў, што калі ў Міхалевіча ёсьць прэтэнзіі да КГБ, хай выкладзе іх у пісьмовай заяве — і яны заяву разгледзяць. Паводле Базанава, за апошні год з такімі заявамі ніхто з палітыкаў не зьвяртаўся. А ўвогуле, паводле прадстаўніка КГБ, яны дзейнічаюць выключна паводле закону.

Адвакатка Вера Страмкоўскай патлумачыла, што спэцслужбы сапраўды маюць права вывучаць жыцьцё любога грамадзяніна, калі ён мае дачыненьне да пэўнай крымінальнай справы, што вырашае пракуратура. Дзеяньні спэцслужбаў адносна дэпутатаў абмежаваныя законам аб статусе дэпутата. Прыкладам , паводле гэтага закону дэпутата нельга прыцягнуць да судовай адказнасьці бяз згоды ягоных калегаў. Але ці дазволена спэцслужбам прапаноўваць некаму супрацоўніцтва?

(Страмкоўская: ) “Паводле закону аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці, органам, якія вядуць сьледзтва, дазваляецца выкарыстоўваць паслугі грамадзянаў, але зь іх згоды. Прымусіць іх немагчыма. Таму калі гучыць толькі прапанова, гэта адно, гэта дазволена. Але калі гучаць пагрозы — гэта ўжо іншае. Толькі хто ж пагрозы пацьвердзіць? Адзіным наступствам падобных гісторыяў, калі яны сталі вядомыя, можа быць вымова таму супрацоўніку КГБ. Бо ён яўна “пракалоўся”, паколькі пра справу стала вядома”, — кажа адвакат Вера Страмкоўская.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч заявіў Радыё Свабода, што да яго супрацоўнікі КГБ не зьвярталіся з прапановамі аб супрацоўніцтве, але іх увагу ён адчувае ўвесь час. Прыкладам, за ім і ягонымі сваякамі вядзецца сачэньне, якое актывізуецца ў пэрыяды нейкіх палітычных кампаніяў. На якой юрыдычнай падставе за ім сочаць, Парфяновіч ня ведае. Ён лічыць гэта зразумелым, улічваючы сваю дзейнасьць. Між тым, Уладзімнр Парфяновіч катэгарычна супраць таго, каб дэпутат станавіўся тайным супрацоўнікам КГБ, бо гэта будзе ўплываць на ягоную палітычную пазыцыю.

(Парфяновіч: ) “Нельга гэтага рабіць, па-чалавечы нельга. Бо дэпутат мусіць галасаваць паводле сумленьня, а не паводле загаду. Што ж яму тады рабіць, калі людзі будуць казаць адно, а загад яму будзе галасаваць за іншае?”

Дарэчы, многія актывісты палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў перакананыя, што сярод іх калегаў ёсьць агенты КГБ. Лічыцца, што гэтым людзям плацяць немалыя грошы і дапамагаюць у кар’ерным росьце. Аднак ніхто ім не зайздросьціць. Распытваючы суразмоўцаў на гэтую тэму, я двойчы пачуў гісторыю пра аднаго маладога паэта — былога актывіста БНФ, пра якога стала вядома, што ён раней супрацоўнічаў з КГБ. Пазьней КГБ ад яго адмовіўся, абарвалі кантакты зь ім і былыя калегі-паэты ды аднадумцы з БНФ. Паводле зьвестак, лёс гэтага чалавека склаўся драматычна.
XS
SM
MD
LG