Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛІЦЭІСТАЎ ТРЫ ДНІ ВАКАЦЫЯЎ

Любоў Лунёва, Менск

Дарослыя паставілі задачу даць дзецям магчымасьць паўнавартасна адпачыць за такі малы тэрмін. 45 навучэнцаў паехалі ў Вільню на экскурсію. Астатнія — хто ў Менску, а хто паехаў да сваіх бабуляў у вёску. Ліцэіст Глеб Лабадзенка лічыць, што выкладчыкі вымушаныя былі скарачаць тэрмін адпачынку, бо трэба пасьпець засвоіць праграму на месяц раней, чым астатнім менскім школьнікам:

(Глеб: ) “Ну, вось у нас і вакацыі. Хаця некаторыя кажуць, што гэта дзіўна, бо мы фармальна нідзе ня вучымся. Адпачываем, бо нам няма калі потым адпачываць. Мы ўсе заняткі павінны скончыць да 1 траўня. Увага да нас будзе больш пільная, падыходы да нас будуць іншыя. Тым больш, што цяпер і закон аб адукацыі зноў пераглядаюць. Таму і ліцэістам няма калі адпачываць. Трэба паказаць адпаведны ўзровень ведаў, каб тварам у бруд ня ляснуцца”.

Тацяна Сяцько захапляецца тэатрам. Яна са сваімі сябрамі сёньня наведае Купалаўскі тэатар, там даюць “Тутэйшых”.

(Тацяна: ) “Нягледзячы на тое, што нам далі вельмі мала часу на адпачынак, мы нейкім чынам спрабуем адпачыць. Хто паедзе ў Вільню, хто да бабулек. Многія папросту ходзяць па сябрах. Некаторыя, як я, напрыклад, ідуць у тэатар. Нават за такі кароткі час можна адпачыць. Можна пасядзець зь сябрамі, можна пабыць у тэатры, можна схадзіць на канцэрты, якія прыпалі на гэтыя дні. Спрабуем адпачыць, бо трэба расьцягнуць час. Трэба прыйсьці ў панядзелак з адчуваньнем задаволеннасьці, з адчуваньнем таго, што насамрэч часу хапіла і пагуляць, і выспацца”.

З панядзелка зноў пачнуцца заняткі. Выкладчыкі й бацькі ліцэістаў паабяцалі дзецям, што на каляды ліцэісты будуць адпачываць два тыдні. Ёсьць некалькі прапановаў наконт таго, як будзе адпачываць ліцэй. Пара прапановаў прыехаць у адпачынак прыйшла з-за мяжы. Так што хутчэй за ўсё дзеці й выкладчыкі паедуць у цікавую вандроўку.
XS
SM
MD
LG