Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖОНЦЫ БУХВОСТАВА НЕ ДАЗВАЛЯЮЦЬ НАВЕДАЦЬ МУЖА


Юры Сьвірко, Менск

Міжнародная канфэдэрацыя свабодных прафсаюзаў, якая аб’ядноўвае 158 мільёнаў чалавек, адмысловым лістом настойліва рэкамэндавала Аляксандру Лукашэнку вызваліць з-за кратаў Аляксандра Бухвостава, арыштаванага пасьля спробы пікету на Кастрычніцкай плошчы Менску 30 кастрычніка.

Прэзыдэнцкая адміністрацыя на гэта кажа, што кіраўнік дзяржавы ня можа ўмешвацца ў судовыя справы. Амаль тое самае заявілі жонцы спадара Бухвостава ў Вярхоўным судзе і Міністэрстве ўнутраных справаў пасьля таго, як яна паведаміла ім пра хваробу мужа. Але афіцыйнага адказу на свой пісьмовы зварот Натальля Бухвостава не атрымала. Яна вельмі занепакоеная, што за кратамі мужу стане значна горш.

Натальля Бухвостава ўдзячная Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў за ліст пратэсту Аляксандру Лукашэнку, а таксама удзельнікам Эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь” і “пяцёркі” апазыцыйных партыяў, якія асудзілі перасьлед прафсаюзнага лідэра і распачалі кампанію салідарнасьці з Аляксандрам Бухвоставым.

(Бухвостава: ) “Гэта ўсё вельмі патрэбнае й своечасовае. Адзінае, што мне не спадабалася, – тое, што расейскія СМІ пра гэта наагул не згадваюць. Толькі прафсаюзы расейскія, украінскія, іншых суседніх дзяржаваў праявілі нейкую салідарнасьць. Але толькі па лініі прафсаюзнай. А СМІ нават не апублікавалі ні радка – пра тое, што адбылося затрыманьне, у прынцыпе, пасьля дазволенага мітынгу”.

Натальля Бухвостава кажа, што ня мае з мужам ніякай сувязі й вельмі перажывае.

(Бухвостава: ) “Толькі вось перадачы. Мы дамагаліся спатканьня рознымі шляхамі – праз Хэльсынскі камітэт, празь Міжнародную арганізацыю працы, самі спрабавалі – з начальнікам гэтага разьмеркавальніка размаўлялі, але ён сказаў, што гэта, натуральна, не ў ягонай кампэтэнцыі, гэта ўсё зьверху, а зьверху, як вы ведаеце, усё гэта забаранілі”.

Гэтыя словы спадарыні Бухвоставай пацьвердзіў у тэлефоннай размове са мной начальнік спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на Акрэсціна Алег Палутаў. Пра стан Аляксандра Бухвостава ён паведаміў наступнае:

(Палутаў: ) “На гэты момант усё ў парадку, скаргаў не выказвае. Нармальна, перапоўненасьці няма ў гэтай камэры. Паводле нашага палажэньня, спатканьняў няма. Яны ж спрабуюць там нешта зьмяніць, наколькі мне вядома. Ёсьць усталяваны парадак – няхай зьвяртаюцца. Яны цудоўна ведаюць – і Процька, і ўсе астатнія – як гэта робіцца. Будзе новае рашэньне – яно будзе выконвацца. Ня будзе новага рашэньня – значыць, дзейнічае тое, якое прынятае першапачаткова”.

Нагадаю, што паводле судовага рашэньня Аляксандар Бухвостаў мусіць адседзець за кратамі 10 сутак. Чакаецца, што ён выйдзе на волю ўвечары ў нядзелю, 8 лістапада.
XS
SM
MD
LG