Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ ЦЭНТРУ “ВЯСНА” ПАКАРАНЫЯ ШТРАФАМІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Затрыманых у Вярхоўным судзе Алеся Бяляцкага, Уладзімера Лабковіча, Валянціна Стэфановіча, Алега Жлутку, Аляксея Колчына, Уладзімера Вялічкіна, Зьмітра Салаўёва і Міколу Лемяноўскага з управы міліцыі Ленінскага раёну Менску выпусьцілі ўчора позна ўвечары. Папярэдне на іх склалі адміністратыўныя пратаколы і зьнялі адбіткі пальцаў. Актывісты “Вясны” гавораць, што міліцыянты абыходзіліся зь імі даволі карэктна.

Сёньня раніцай удзельнікі акцыі пратэсту прыйшлі ў Ленінскі райсуд. Судзьдзі Алена Церашкова, Аляксандар Шпілько і Дзьмітрый Жданок разглядалі справы даволі хутка. Адзін за адным праваабаронцы атрымлівалі за непадпарадкаваньне міліцыі штрафы на пяць базавых велічыняў — гэта 82500 рублёў. Пры гэтым ўсе яны заяўлялі, што толькі “сядзячай” акцыяй пратэсту яны маглі выказаць сваю нязгоду з рашэньнем Вярхоўнага суду ліквідаваць цэнтар “Вясна”.

Гаворыць кіраўнік гарадзенскай філіі “Вясны” Мікола Лемяноўскі:

(Лемяноўскі: ) “Тое, што суд вынесе мінімальныя пакараньні, я быў упэўнены яшчэ ўчора. Відаць, улады ўсімі магчымымі сродкамі спрабуюць “замяць” гэтую справу, каб не даваць ёй розгаласу. Тое, што нам інкрымінавалі непадпарадкаваньне дзейнасьці міліцыі, а не абразу суду, гаворыць пра тое, што ўлады ня хочуць розгаласу. Яны выканалі сваю справу, а астатняе ім не патрэбна”.

Адзіным удзельнікам акцыі пратэсту, якога судзьдзя Дзьмітры Жданок пакараў штрафам на дзесяць базавых велічыняў (165000 рублёў) быў юрыст цэнтру “Вясна” Ўладзімер Лабковіч. Вось што ён сказаў:

(Лабковіч: ) “Я заявіў хадайніцтва, каб мне быў прадастаўлены перакладчык. Таксама я сказаў, што не магу давяраць суду ў зьвязку з той судовай сыстэмай, якая ёсьць у Рэспубліцы Беларусь. Судзьдзя адмовіў мне ў маіх канстытуцыйных правах, а таксама былі абражаныя мае гонар і годнасьць. Судзьдзя паводзіў сябе абсалютна па-хамску. Адмаўляў мне ў тлумачэньні матэрыялаў справы, што зачытваліся. Гэта нельга назваць судом. Судзьдзя проста правёў паседжаньне сам з сабою. Гэтым ён прадэманстраваў сваё стаўленьне да Беларусі як да краіны, да дзяржаўнай беларускай мовы, і да тых правоў, якія я спрабаваў бараніць у гэтым судовым паседжаньні”.

Іншы судзьдзя, Аляксандар Шпілько, хадайніцтва Алеся Бяляцкага аб неабходнасьці перакладчыка задаволіў. Праўда, дзяўчына, што перакладала спадару Бяляцкаму пытаньні судзьдзі, беларускай мовай валодала надзвычай кепска. Алесь Бяляцкі так пракамэнтаваў судовае рашэньне:

(Бяляцкі: ) “Мы зрабілі ўсё абсалютна правільна і абралі такі выразны спосаб пратэсту. Сам працэс быў дастаткова фармальны. У прынцыпе тут цяжка што-небудзь яшчэ дадаць”.

Пры гэтым кіраўнік цэнтру “Вясна” дадаў, што ня гледзячы на рашэньне Вярхоўнага суду, арганізацыя ўсё роўна будзе працаваць.
XS
SM
MD
LG