(Галасы: ) “Ганьба! Ганьба! Ганьба! Ганьба! Вясна! Вясна! Вясна!”
Такімі воклічамі сустрэлі рашэньне судзьдзі Вярхоўнага судуВалянціны Кулік аб ліквідацыі "Вясны" кіраўнік праваабарончага цэнтру Алесь Бяляцкі і 7 ягоных калегаў. Спадар Бяляцкі, а таксама Ўладзімер Лабковіч, Валянцін Стэфановіч, Алег Жлутка, Уладзімер Вялічкін, Мікола Лімяноўскі, Зьміцер Салаўёў й Аляксей Колчын селі на падлогу судовай залі і пратэставалі супраць несправядлівага, на іх думку, рашэньня судзьдзі.
Спадарыня Кулік ліквідавала цэнтар "Вясна" бо, на яе думку, праваабаронцы ў 2001 годзе груба парушылі выбарчае заканадаўства, неправамоцна вылучыўшы сваіх назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары. Усе іншыя абвінавачваньні Мінюсту, як, напрыклад, неправамоцнае правядзеньне ўстаноўчага сходу, падробка подпісаў заснаальнікаў судзьдзя прызнала безпадстаўнымі і недаказанымі.
Алесь Бяляцкі так пракамэнтаваў гэтае рашэньне:
(Бяляцкі: ) "Мінула 2 гады, і раптам узгадваюць гэтае парушэньне і караюць нас яшчэ раз. Гэта не справядліва й незаконна”.
А вось меркаваньне Валянціна Стэфановіча:
(Стэфановіч: ) “Адхіленыя ўсе абвінавачваньні гэтага пазову акрамя аднаго – парушэньня выбарчага заканадаўства. Пастанова Цэнтарвыбаркаму ў гэтай справе і папярэджаньне Мінюсту вынесеныя ў 2001 годзе ўжо ня маюць законнай сілы, бо гэта дзейнічае цягам году. Пасьля таго цягам 2 гадоў нам папярэджаньняў ніякіх не выносілі. Тым больш, што папярэджаньне Цэнтарвыбаркаму вельмі спрэчнае. Бо ўсе памятаюць, у якой атмасфэры адбываліся прэзыдэнцкія выбары 2001 году. І наагул ЦВК парушала выбарчае заканадаўства, а не "Вясна", бо не з-за нас гэтыя выбары былі прызнаныя недэмакратычнымі. Таму я выказваю сваё абурэньне, пратэст і нязгоду з гэтым рашэньнем".
А юрыст цэнтру "Вясна" Ўладзімер Лабковіч заяўляе, што нягледзячы на ліквідацыю арганізацыі, яны і надалей будуць назіраць за ўсімі выбарчымі кампаніямі ў Беларусі.
(Лабковіч: ) “Нас ліквідавалі менавіта таму, што ў хуткім часе адбудуцца выбары, магчыма рэфэрэндум і іншыя палітычныя кампаніі. Улада жахліва баіцца, што мы й надалей будзем назіраць, казаць пра тыя фальсыфікацыі й тую хлусьню – пра ўсё тое, што беларуская ўлада робіць з выбарчым заканадаўствам. Я хацеў бы супакоіць уладу й Цэнтральную выбарчую камісію. Мя як назіралі, так і будзем назіраць за выбарамі, а таксама казаць, што ў гэтай краіне няма праўных дэмакратычных інстытутаў і не існуе права грамадзянаў абіраць сабе тую ўладу, якую яны хочуць".
Восем актывістаў "Вясны", што пратэставалі супраць закрыцьця сваёй арганізацыі былі затрыманыя і на дадзены момант знаходзяцца ва ўправе міліцыі Ленінскага раёну Менску. Яны пакінулі будынак Вярхоўнага суду пад канвоем міліцыі больш чым праз 2 гадзіны пасьля пачатку акцыі пратэсту. Суд над імі адбудзецца заўтра – 29 кастрычніка. За непавагу да суду й хуліганства ім пагражае да 15 сутак адміністрацыйнага арышту альбо буйныя штрафы.
Цэнтар "Вясна" стаў 10 недзяржаўнай арганізацыяй ліквідаванай беларускімі ўладамі цягам некалькіх апошніх месяцаў.