Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯГЛЕДЗЯЧЫ НА ЗАБАРОНУ ЎЛАДАЎ ВОЎЧАК ПРАЦЯГНЕ ПРАВААБАРОНЧУЮ ДЗЕЙНАСЬЦЬ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Інвалід 1-й групы Надзея Сьмердава больш ня зможа афіцыйна зьвярнуцца да юрыстаў з арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву”, бо з 13 кастрычніка гэтая арганізацыя канчаткова ліквідуецца. Гэта вынікае зь сёньняшняга рашэньня Вярхоўнага суду Беларусі, які адхіліў скаргу праваабаронцаў на папярэднюю пастанову Менскага гарадзкога суду аб закрыцьці арганізацыі.

(Жанчына: ) “Ня ведаю, як далей жыць у гэтай дзяржаве. Як нам усім выжываць, хто гэтым усім кіруе і хто за ўсім гэтым стаіць? Ня ведаю”.

Разгубленасьць жанчыны магчыма зразумець. З дапамогай мыліцаў яна ледзь паднялася на трэці паверх Вярхоўнага суду, дзе ў вялікай залі праходзіла судовае паседжаньне, але судзьдзі Жукоўская, Забара і Юхнавец нават не пажадалі яе выслухаць. Надзея Сьмердава хацела распавесьці ім пра тое, як ёй бясплатна дапамагалі Алег Воўчак ды іншыя праваабаронцы. Але судзьдзі спаслаліся на парадак, паводле якога касацыйныя скаргі могуць разглядацца і без апытаньня сьведак. “Трэба было сьведчыць у гарадзкім судзе”, — параілі судзьдзі.

Паседжаньне Менскага гарадзкога суду аб закрыцьці “Прававой дапамогі насельніцтву” праходзіла фактычна за зачыненымі дзьвярыма. Сёньня і сябры гэтай арганізацыі, і праваабаронцы Алег Гулак зь Беларускага Хэльсынскага камітэту і Юры Чавусаў зь “Вясны” падрабязна патлумачылі суду, што адбывалася 8 верасьня на тым паседжаньні.

Яны распавялі пра міліцэйскі кардон, які не пусьціў людзей у суд, спаслаўшыся на рамонт, пра тое, што судзьдзя Жупікава пачала працэс без прадстаўнікоў другога боку, і таму сьведкі ня здолелі выступіць. Затое другі бок меў магчымасьць выкласьці свае меркаваньні. У тым ліку пра тое, быццам праваабаронцы бяруць зь людзей грошы і што дапусьцілі яшчэ шэраг парушэньняў у справаводзтве, і таму арганізацыя вартая закрыцьця.

Дваццаць хвілінаў раіліся судзьдзі Вярхоўнага суду наконт таго, ці падтрымаць гэтае ж рашэньне сваіх гарадзкіх калегаў, і нарэшце ў судовай залі прагучала: “скаргу адхіліць”. Далейшае праваабаронцы слухаць ня сталі і пакінулі памяшканьне. Пад вокліч “Ганьба!” выйшлі з залі і судзьдзі.

Алег Воўчак назваў рашэньне суду палітычна матываваным. Ён лічыць, што ўлада брутальна парушае правы людзей, і таму разбурае праваабарончыя структуры. Але сваёй справы асабіста ён кідаць не зьбіраецца.

(Воўчак: ) “Буду бараніць людзей наступным чынам — запрашаць іх на гарбату да сябе дамоў і там кансультаваць. І тады ніякае Міністэрства юстыцыі мне ня дасьць папярэджаньня, а суд тым больш”.

Разам са скаргай арганізацыі Алега Воўчака калегія Вярхоўнага суду пачала сёньня разглядаць скаргу на закрыцьцё гарадзенскай грамадзкай арганізацыі “Ратуша”. Суд знайшоў пэўныя недакладнасьці ў тым, як была аформленая пастанова гарадзенскага абласнога суду аб закрыцьці “Ратушы” і адклаў слуханьні на нявызначаны час.
XS
SM
MD
LG