У пікеце на плошчы Бангалор удзельнічалі больш як 30 сяброў Свабоднага прафсаюзу мэталістаў, Незалежнага прафсаюзу гарнякоў і Дэмакратычнага прафсаюзу транспартнікаў. У руках яны трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі з прафсаюзнай сымболікай, а таксама транспаранты з надпісамі: “Перш чым павышаць пэнсійны ўзрост, дасягніце сярэдняй працягласьці жыцьця!”, “Учора Вярхоўны суд, сёньня Акрэсьціна, а заўтра?”, “Не — парушэньню правоў прафсаюзаў!” ды іншымі.
Лідэр Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук так патлумачыў мэту гэтай акцыі:
(Ярашук: ) “Напэўна ні для каго не сакрэт, што апошні час парушэньні правоў прафсаюзаў сталі ў нашай краіне нейкай сыстэмай. 7 жніўня рашэньнем Вярхоўнага суду быў ліквідаваны Беларускі прафсаюз авіядыспэчараў, які ўваходзіў у склад Кангрэсу. Што адбывалася са мною, зь якой нагоды і чаму мяне пасадзілі на Акрэсьціна? І самы апошні факт, які здарыўся літаральна ўчора, калі мяне проста не пусьцілі ў памяшканьне, што знаходзіцца ў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, на паседжаньне Нацыянальнай рады ў працоўных і сацыяльных пытаньнях”.
Паводле лідэра БКДП, чыноўнікі з Фэдэрацыі прафсаюзаў проста перапалохаліся, што да іх у будынак прыйшоў менавіта Ярашук. Старшыня Кангрэсу лічыць гэтае здарэньне правакацыяй, і будзе інфармаваць пра гэты выпадак міжнародны прафсаюзны рух.
Актывісты Кангрэсу спачатку хацелі арганізаваць шэраг пікетаў каля прэзыдэнцкай адміністрацыі ды іншых дзяржаўных установаў, але ўлады не далі на гэта дазволу.
Аляксандар Ярашук сьцьвярджае, што перад беларускімі спэцслужбамі пастаўленая задача зьдзейсьніць супраць яго буйную правакацыю. Пра гэта ён паведаміў учора на старонках “Народнай волі” ў сваім адкрытым лісьце, напісаным у камэры спэцпрыёмніку. Нагадаю, што спадар Ярашук нядаўна быў пакараны 10-сутачным арыштам за непавагу да суду. У адным са сваіх артыкулаў пра ліквідацыю Незалежнага прафсаюзу авіядыспэчараў ён назваў дзеяньні Вярхоўнага суду “спэктаклем з загадзя вядомым канцом”.
Былы старшыня прафсаюзу авіядыспэчараў, а цяпер актывіст прафсаюзу транспартнікаў Юры Мігуцкі так патлумачыў свой удзел у пікеце:
(Мігуцкі: ) “Акцыя ў абарону ўсяго незалежнага прафсаюзнага руху. А мы сябры. Тым больш, што мы адзін з бакоў, які пацярпеў. Быў першы прэцэдэнт. Таму мы бярэм удзел. Лічым, што гэта наш абавязак”.
Удзельнікаў акцыі падтрымлівалі нешматлікія мінакі:
(Пэнсінэрка: ) “Добра — як можа ставіцца пэнсіянэрка? Вельмі добра”.
(Спадар: ) “Цудоўна, вельмі падабаецца. Часьцей трэба праводзіць такія акцыі”.
Акцыя працягвалася дзьве гадзіны й скончылася мірна.