Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯРХОЎНЫ СУД ЗЬЛІКВІДАВАЎ ФОНД “КАСЫЯПЭЯ” І АРГАНІЗАЦЫЮ “ЖАНОЧЫ АДКАЗ”

Альгерд Невяроўскі, Менск

Беларускі фонд “Касыяпэя” зьліквідаваны за тое, што юрыдычным адрасам арганізацыі лічылася жылое памяшканьне, а пячатка і блянкі не адпавядалі патрабаваньням заканадаўства. Міністэрства юстыцыі высоўвала супраць фонду й іншыя абвінавачаньні, але судзьдзя Самалюк вырашыў, што й гэтых “грубых” парушэньняў дастаткова, каб ліквідаваць арганізацыю. Старшыня фонду “Касыяпэя” Валянціна Сьвяцкая так пракамэнтавала гэтае рашэньне:

(Сьвяцкая: ) “Мы былі падрыхтаваныя да такога выніку і лічым, што гэта быў чарговы фарс. Абскарджваць гэтае рашэньне мы ня будзем, бо гэта дарэмная страта часу. Цяпер трэба рыхтавацца да больш сур’ёзных падзеяў. Трэба рыхтавацца да выбараў, да нейкіх больш сур’ёзных кампаніяў”.

Старшыня фонду лічыць, што напярэдадні выбараў улады проста мусілі ліквідаваць арганізацыю, сярод заснавальнікаў якой вядомыя ў Беларусі жанчыны-палітыкі і грамадзкія дзяячкі. Валянціна Сьвяцкая заявіла, што нягледзячы на ліквідацыю фонду, яго сябры як асобы будуць працягваць сваю дзейнасьць.

Фактычна па такіх жа абвінавачаньнях судзьдзя Вярхоўнага суду Яхнавец зьліквідавала арганізацыю “Жаночы адказ”. На думку судзьдзі, кіраўніцтва гэтага аб’яднаньня не належным чынам аформіла свой юрыдычны адрас, пасьля працяглы час ня мела адрасу наогул, а таксама карысталася пячаткай неадпаведнага ўзору. Старшыня “Жаночага адказу” Сьвятлана Каралёва так пракамэнтавала гэтае рашэньне:

(Каралёва: ) “Відаць, выконваецца нейкая пэўная палітычная замова. Вайна вядзецца са мной праз маю арганізацыю. Ня ведаю, з чым гэта зьвязана. Можа таму, што я сябра Аб’яднанай грамадзнскай партыі, можа таму, што я актыўны чалавек і буду ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Я буду агітаваць “трэці сэктар” больш актыўна займацца палітыкай. І менавіта нашых людзей уводзіць у парлямэнт, каб яны зьмянілі гэты закон. Усё! Гэта, відаць, цяпер мая мэта й місія”.

Створаная ў 2000 годзе арганізацыя “Жаночы адказ” праводзіла адмысловыя сэмінары й трэнінгі для жанчын, якія жадалі актыўна займацца грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю.

А фонд “Касыяпэя” быў створаны ў 1998 годзе і галоўнай яго мэтай была асьветніцкая, юрыдычная і экалягічная дзейнасьць.

Зь ліквідацыяй фонду “Касыяпэя” і арганізацыі “Жаночы адказ” колькасьць закрытых у Беларусі за апошнія некалькі месяцаў аб’яднаньняў дасягнула васьмі. 13 кастрычніка калегія Вярхоўнага суду Беларусі павінна канчаткова вырашыць лёс гарадзенскага аб’яднаньня “Ратуша” і менскага “Прававая дапамога насельніцтву”.

На наступны дзень там жа будзе разглядацца пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі “Фонду братоў Луцкевічаў”, а 21-га — праваабарончага цэнтру “Вясна”. У менскі гарадзкі суд накіраваны пазоў аб ліквідацыі арганізацыі “Таварыства праўных дасьледаваньняў”. Закрыцьцё таксама пагражае гомельскаму аб’яднаньню “Асацыяцыя дзяцей і моладзі”.
XS
SM
MD
LG