Учора стала вядома, што на пасаду дырэктара гарадзкога ліцэю замест ліквідаванага прызначылі новую дырэктарку Тацяну Замыслову. Яна будзе толькі падпісваць фінансавыя дакумэнты і сачыць за рамонтам. Размова не ідзе пра тое, каб набіраць склад вучняў і выкладчыкаў у новы ліцэй.
Раней міністар адукацыі прызначыў на пасаду дырэктара Тамару Шчарбачэвіч, якая ня ведала беларускай мовы і не магла знайсьці паразуменьня з настаўніцкім калектывам. Выканаць просьбу калектыву ліцэю звольніцца яна катэгарычна адмовілася. І вось новая дырэктарка.
У гарадзкім аддзеле адукацыі не патлумачылі, чаму менавіта гэтую чыноўніцу раёнага аддзелу адукацыі, Тацяну Замыслову, прызначылі на пасаду дырэктара. Вядома, што раней яна была дырэктарам пэдагагічнага каледжу, а потым працавала ў Фрунзенскім аддзеле адукацыі Менску.
Тамара Шчарбачэвіч фармальна зьяўлялася дырэктарам Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа да яго фармальнай ліквідацыі — да 28 жніўня. Потым яна таксама страціла сваю працу. Дарэчы, у гарадзкім аддзеле адукацыі мне казалі, што пакуль будзе ісьці рамонт будынку ліцэю, акрамя дырэктара туды яшчэ прызначаць двух чалавек на пасады загадчыка бібліятэкі і загадчыка гаспадаркі. Ліцэю няма, але ёсьць тры пасады, на якіх людзі будуць атрымліваць заробак і фактычна нічога не рабіць.
Бацькі ліцэістаў і выкладчыкі галоўнай мэтай лічаць захаваньне калектыву ліцэю і ўнікальных мэтадычных распрацовак. Учора ўвечары прайшоў бацькоўскі сход, на якім абмяркоўвалі сытуацыю. Паколькі чыноўнікі гарадзкога аддзелу адукацыі паведамілі, што ніводнага выкладчыка зь ліцэю ў новы гарадзкі на працу ня возьмуць, бацькі спрабуюць захаваць ліцэй як прыватную навучальную ўстанову. Але на гэта неабходныя грошы, бо патрэбнае абсталяваньне, грошы, каб плаціць за арэнду, ды і выкладчыкі ня могуць працаваць бясконца, не атрымліваючы заробку.
Але нават калі і будуць знойдзеныя нейкія крыніцы фінансаваньня, яшчэ ня факт, што прыватны ліцэй зарэгіструюць у Мініюсце. Пакуль вырашылі абскарджваць судовыя рашэньні, каб прызналі пастанову Міністэрства адукацыі аб ліквідацыі ліцэю незаконнай.