Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЯГВАЕЦЦА КАНФЛІКТ МЕНСКІХ ГАРАДЗКІХ УЛАДАЎ З УЛАДАЛЬНІКАМІ ВУЛІЧНЫХ ШАПІКАЎ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пачнецца разгляд пазову адразу 25 уладальнікаў шапікаў да Менскага гарвыканкаму, які яшчэ ўвесну вырашыў зачыніць шапікі з 1 ліпеня, а потым адклаў выкананьне гэтага рашэньня да 1 кастрычніка. За гэты час прадпрымальнікі зрабілі шмат захадаў, каб абараніцца. Даслалі ў гарвыканкам некалькі пэтыцыяў, спрабавалі сустрэцца са старшынём Менскага ганрвыканкаму Паўлавым, але той на размову зь імі ня выйшаў, ладзілі акцыю пратэсту на плошчы Незалежнасьці побач з гарвыканкамам і нарэшце падалі пазовы ў суд.

Першай гэта зрабіла прадпрымальніца Тацяна Зубок, а пасьля да яе далучыліся яшчэ 24 уладальнікі шапікаў. 16 верасьня ў менскім гаспадарчым судзе было вырашана ўсе гэтыя пазовы аб’яднаць у адну справу, якая сёньня і будзе разглядацца.

Якія аргумэнты гарадзкіх уладаў на карысьць свайго рашэньня? Гарвыканкам заяўляе пра патрэбу прыбраць шапікі найперш з эстэтычных меркаваньняў — маўляў, яны псуюць эўрапейскі выгляд сталіцы Беларусі ды перашкаджаюць руху мінакоў. А на пярэчаньні, што гэта пакіне бяз працы тысячы гандляроў гарадзкія чыноўнікі заяўляюць, што ўладальнікам шапікаў прапанавана будаваць стацыянарныя гандлёвыя павільёны, і яны нават далі на гэта месцы на рынках Менску.

Кагосьці з прадпрымальнікаў пэрспэктыва перабрацца з вуліцы на рынак сапраўды не палохае, але большасьць кажа, што на пабудову павільёну патрэбныя прынамсі 20 тысяч даляраў, а такіх грошай у дробных гандляроў няма. Вось калі б гарадзкія ўлады адкрылі крэдытную лінію пад гэты праект, іншая рэч, але… “Гэта ўдар ня толькі для нас, але найперш для нашых працаўнікоў, людзей проста бедных”, — заявілі мне гаспадары двух менскіх кіёскаў, якіх я сустрэў у гаспадарчым судзе.

(Жанчына: ) “У мяне працуе жанчына, у якой муж інвалід і сын вучыцца на платным аддзяленьні. Яна кажа, што кожны дзень плача, моліцца Богу, каб захаваўся гэты кіёск, бо што ёй рабіць? На заводзе за 100 тысяч сваю сям’ю яна не ўтрымае”.

(Мужчына: ) “А ў мяне працуе малады чалавек, у якога толькі што жонка нарадзіла. І ён таксама ня ведае, куды падзенецца, калі зачыняць кіёск”.

Вось гэта толькі адзін з фрагмэнтаў размоваў, якія два тыдні таму магчыма было пачуць у калідоры менскага гаспадарчага суду. Дарэчы, на тым паседжаньні суду высьветлілася, што сваё рашэньне Менгарвыканкам належным чынам юрыдычна не аформіў, але ня выключана, што да сёньняшняга судовага паседжаньня чыноўнікі выправяць сваю памылку і дадуць суду больш дакладныя паперы. Але прадпрымальнікі настойваюць, што Менгарвыканкам ня мае рацыі па сутнасьці канфлікту і наважаныя далей вясьці барацьбу за свае правы.
XS
SM
MD
LG