Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: НЕЗАКОННЫЯ ДЗЕЯНЬНІ БЕЛАРУСКІХ МІЛІЦЫЯНТАЎ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Страмкоўская: ) “У адной са справаў, калі я бараніла чалавека, праводзіўся такі экспэрымэнт, і калі мы хадайнічалі перад пракурорам, каб было патлумачана, як рабіўся гэты экспэрымэнт, на якіх падставах, нам была дадзеная даведка, што гэта ўсё рабілася з грыфам “пад сакрэтам” і таму ня можа разглядацца ў адкрытым судовым паседжаньні.”

Вядомая адвакатка, кіраўнічка Цэнтру правоў чалавека Вера Страмкоўская пад словам “экспэрымент” мела на ўвазе дзеяньне, якое на звычайнай мове завецца правакацыяй. У справе, якую яна згадала, супраць аднаго чыноўніка была выкарыстаная менавіта правакацыя. Да яго накіравалі чалавека з адмысловым заданьнем угаварыць яго ўзяць хабар. Чыноўнік хабар ўзяць адмовіўся, і тады правакатар папросту пакінуў на ягоным стале капэрту з пазначанымі далярамі.

Калі пазьней чыноўнік пачаў разьбірацца з паперамі на стале, і ўзяў капэрту ў рукі, у кабінэт уварваліся міліцыянты і “ўзорна” затрымалі “хабарніка”.

Адвакаты потым спрабавалі высьветліць, на падставе якіх зьвестак за чыноўнікам вялося сачэньне ды праслухоўваньне ягоных тэлефонаў, хто і чаму даў дазвол на “экспэрымэнт”, але гэтыя спробы аказаліся марнымі. Усё было патлумачана магічным словам “пад сакрэтам”. Даказаць, што для абвінавачваньня чалавека выкарыстоўваліся незаконныя дзеяньні гэтак і не ўдалося.

Праваабрончыя цэнтры часта разьбіраюцца са скаргамі людзей на незаконныя дзеяньні сьледчых і міліцыянтаў. З падобнымі крыўдамі зьвярталіся неаднойчы і да Веры Стармкоўскай. Яна заўважае, што звычайна прычына у банальнай спробе міліцыянтаў раскрыць старыя злачынствы, якія псуюць справаздачы.

У тых, хто зь нейкіх прычынах патрапіў у пастарунак, міліцыянты дамагаюцца прызнаньня ў пэўным злачынстве. Робіцца гэта праз пагрозы, псыхалягічны ціск, а то і ўжываньне гвалту. З падобнай гісторыяй знаёміць наш гомельскі карэспандэнт Казімер Яноўскі.

(Яноўскі: ) “У гэтым жніўні гомельскія юнакі Косьця Буглакоў і Дзіма Курылаў неяк бавілі час у прыгарадным паселішчы Новае Жыццё. Косьця няўдала пажартаваў: запусьціў камень і выбіў шкло ў доме прыватніка. У выніку Буглакова зь сябрам забралі ў міліцыю. На падставе складзеных пратаколаў суд падвергнуў хлопцаў адміністрацыйнаму арышту на 7 сутак.

Аднак юнакі па сутнасці толькі начавалі ў ізалятары. Днём іх выклікалі ў Чыгуначны райаддзел міліцыі, дзе службоўцы імкнуліся “павесіць” на хлапцоў розныя крадзяжы, што мелі месца ў паселішчы Новае Жыццё.”

(Буглакоў: ) “Нас зьбівалі, казалі, каб прызнаваліся, якія дамы, катэджы абрабавалі. Катэджы гэтыя яны самі называлі. Прымушалі падпісваць пратаколы, браць на сябе чужую віну. Цяпер, праўда, міліцыянты адмаўляюцца, цьвердзяць, што не зьбівалі, што нічога такога не было”.

Калі Косьця выйшаў з ізалятару і распавёў пра зьдзекі міліцыянтаў, сваякі параілі зьвярнуцца ў пракуратуру Чыгуначнага раёну.

Судмэдэкспертыза сапраўды зафіксавала пашкоджаньні на целе Буглакова. З пяці міліцыянтаў, што ўчынялі самадурства і зьдзекі, Косця запомніў найлепш двух афіцэраў, нават ведае іхныя прозьвішчы.

Заявы пацярпелых хлапцоў правярае цяпер сьледчы пракуратуры Аляксей Сергіенка. Ці будзе распачатая крымінальная справа супраць міліцыянтаў, пакажа самы бліжэйшы час.

Ці былі бы ў хлопцаў шанцы застацца на волі, калі б яны паддаліся ціску міліцыянтаў і прызналі б чужую віну, а потым на судзе заявілі, што мусілі сябе агаварыць? Паводле досьведу Веры Страмкоўскай, у гэтым выпадку адстаяць сваю невінаватасьць было б вельмі складана. Бо, на жаль, беларуская судовая сыстэма вельмі шчыльна злучаная з праваахоўчай і карнай. Інтарэсы судзьдзяў і міліцыянтаў часта супадаюць, слова сьведкі-міліцыянта важаць куды больш, чым сьведкі – звычайнага грамадзяніна.

(Страмкоўская: ) “Памылкі сьледзтва могуць быць паўсюль, у дэмакратычных краінах таксама ад гэтага ніхто не абаронены. Могуць умяшацца і чалавечыя ўзаемаадносіны. Але ж судовая сыстэма павінна ў гэтым разабрацца, паставіць кропкі над “і”. На жаль, беларуская судовая сыстэма з гэтым не спраўлаецца, яна ня стала сыстэмай абароны правоў людзей”.

Вера Страмкоўская лічыць, што становішча з абаронай правоў грамадзянаў, якія аказаліся ў цэнтры увагі сілавых структураў, не паляпшаецца, а становіцца нават горшым. Бо ўсё большая колькасьць дзяржаўных органаў атрымлівае права займацца сакрэтнай дзейнасьцю, а гэтае права і ёсьць крыніцай шматлікіх злоўжываньняў.

(Страмкоўская: ) “Ідзе працэс у кірунку не скарачэньня гэтых функцыяў, а наадварот, пашырэньня, бо надаюцца правы кантролю і пошуку арганізацыям, якія раней іх ня мелі. Гэта фінансавыя органы, падаткавая інспэкцыя, кантрольныя органы, памежнікі...”

Паводле Веры Страмкоўскай у становішча павінен умяшацца парлямант Беларусі, ад якога грамадзяне чакаюць сур’ёзнай рэвізіі правоў сілавых і кантралюючых ведамстваў.
XS
SM
MD
LG