Сьведкам на гэтым працэсе ў Кастрычніцкім судзе Менску выступіў навуковец Уладзімер Раўкоў, якога разам з Юр’ем Бандажэўскім суд прысудзіў да зьняволеньня.
Уладзімер Раўкоў прыехаў на суд з гарадзкога пасёлку Круглае, дзе ён цяпер адбывае свой тэрмін ў калёніі адкрытага рэжыму й працуе ў шпіталі лекарам-кардыёлягам. Да гэтага Уладзімер Раўкоў правёў два гады ў сьледчым ізалятары й паўтары гады ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Тэрмін ягонага зьняволеньня скончыцца толькі ў 2006 годзе.
Старшы сьледчы ў асабліва важных справах Рэспубліканскай пракуратуры Вячаслаў Цераховіч абвінавачвае карэспандэнтку “БДГ” Ірыну Макавецкую ў тым, што яна абразіла ягоны гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю ў шэрагу публікацыяў аб судовым працэсе над рэктарам Гомельскага мэдычнага інстытута Юр’ем Бандажэўскім і прарэктарам інстытуту Ўладзімерам Раўковым, якіх асудзілі за хабарніцтва.
Уладзімер Раўкоў называе Юр’я Бандажэўскага сваім настаўнікам і лічыць, што судовы перасьлед быў выкліканы навуковамі дасьледваньнямі, якія ён праводзіў разам з прафэсарам Бандажэўскім.
(Раўкоў: ) “Мы займаліся праблемай Чарнобыльскай аварыі й уздзеяньнем на здароўе людзей іянізіруючага выпраменьваньня. Пад кіраўніцтвам Бандажэўскага я абараніў кандыдацкую і рыхтаваў доктарскую, але не пасьпеў. Я яму казаў, каб ён ня лез правераць інстытут радыяцыйнай мэдыцыны, але ён, на жаль, пайшоў на гэта. Я разумею, што нельга маўчаць пра тое, што заўтра будзе зь людзьмі. Я папярэджваў яго, што дабром гэта не скончыцца.”
Як сьцьвярджае Ўладзімер Раўкоў, сьледчыя органы хацелі, каб ён даваў паказаньні супраць Бандажэўскага. Паводле Раўкова, ў сьледчым ізалятары на яго ўздзейнічалі псыхатропнымі прэпаратамі, дапытвалі па начах па 6-8 гадзінаў, аказвалі ціск на яго сям’ю. За кратамі Ўладзімер Раўкоў перанёс мікраінфаркт, займеў пяць хранічных хваробаў, у яго выпалі ўсе зубы. Сёньня ў судзе Раўкоў ўзгадваў допыты, якія праводзіў сьледчы Цераховіч ў ізалятары.
(Раўкоў: ) ”Быў шантаж. Калі я хачу захаваць здароўе й выйці з гэтага сьледчага ізалятара, то павінен быў падпісаць паказаньні аб прызнаньні. Калі не, то застаюся ў сьледчым ізалятары. У мяне з сэрцам былі сур’ёзныя праблемы, у мяне зрываўся рытм шмат разоў. Быў высокі артэрыяльны ціск. Ён гэта ўсё цудоўна ведаў і перашкаджаў, каб мяне паклалі ў шпіталь.”
Уладзімер Раўкоў з даверам і павагай ставіцца да прафэсійнай дзейнасьці карэспандэнткі БДГ Ірыны Макавецкай, якая падрабязна асьвятляла судовы працэс. І таму ён амыслова прыехаў у Менск, каб даць паказаньні ў падцьверджаньне таго, што яна пісала ў сваіх артыкулах пра яго і Юр’я Бандажэўскага. Тады як старшы сьледчы Рэспубліканскай паркуратуры ў асабліва важных справах Вячаслаў Цераховіч сёньня выставіў пазоў да Макавецкай з патрабаваньнем ад яе і выдавецкага ўнітарнага прадпрыемства “Марат” – выдаўца БДГ – 10 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за абразу гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі.